Пошук

21.11.2018 10:08   Паводле: CREDO

Адна з найбольш вядомых калядак «Ціхая ноч» адзначае ў гэтым годзе 200-гадовы юбілей.

З гэтай нагоды прадстаўнікі хрысціянства, ісламу, юдаізму і будызму сустрэліся 17 лістапада ў аўстрыйскім Оберндорфе ля Зальцбурга, каб у месцы, дзе ўпершыню прагучала славутая калядка, разам маліцца за мір.

У малітве ў капліцы бралі ўдзел дапаможны біскуп Зальцбургскі Гансёрг Гофер і лютэранскі суперінтэндант Аліўе Дантэн.

«Ціхая ноч, святая ноч» — адна з найпапулярнейшых калядак свету. Да верша, які ў 1816 годзе напісаў а. Ёзаф Мор, праз два гады настаўнік і арганіст Франц Ксаверый Грубер падабраў музыку.

Упершыню калядка прагучала на Божае Нараджэнне 24 снежня 1818 года ў касцёле св. Мікалая ў Обердорфе. Біскуп Гофер звярнуў увагу на сімвалічнасць гэтай даты, бо сёлета адзначаецца 100-годдзе завяршэння Першай сусветнай вайны і стварэння Аўстрыйскай Рэспублікі.

Ён нагадаў, што калі Ёзаф Мор пісаў у 1816 годзе свой верш, гэта быў першы крок міру пасля доўгага перыяду адсутнасці палітычнай стабільнасці ў краіне. «Таксама і сёння ў нас ёсць прычыны разам маліцца за мір і прымірэнне», — сказаў аўстрыйскі іерарх.

«Гэты твор павінен з’яднаць нас усіх, бо ўсе мы прагнем несці мір у свеце, — падкрэслівалі ўдзельнікі малітоўнай сустрэчы за мір. — Хоць ніводзін радок з песні не ўтрымлівае слова „мір“, але паўсюль, дзе выконвалася гэтая калядка хоць хвіліну, яна нагадвала, што жыццё ў падзелах ды варожасці не з’яўляецца годным чалавека».

У ціхіх і простых словах гэтая калядка ўжо дзве сотні гадоў перадае таямніцу Божага Нараджэння.

У Оберндорфе адкрыўся абноўлены музей «Ціхай ночы». Аўстрыйская пошта выпусціла адмысловую марку, а чыгунка ў Зальцбургу надала аднаму з са сваіх электрацягнікоў імя Stille Nacht (Ціхая ноч).

«Гэтая калядка кранае ўсіх, яна выйшла далёка па-за межы нашага рэгіёна. Таму мы надаём нашаму лакаматыву імя Stille Nacht, каб ён, курсуючы праз усю Еўропу, прапагандаваў змешчанае ў гэтых словах пасланне міру», — сказаў прадстаўнік аўстрыйскай чыгункі.

Падчас урачыстага благаслаўлення электравоза, вырабленага на заводзе Сіменс, арганізатары перадалі чэк на пяць тысяч еўра для зальцбургскага фонду дапамогі дзецям, хворым на рак.

Абноўлена 18.12.2018 14:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.