Пошук

09.11.2018 10:32   Catholic.by

8 лістапада ў вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева апосталаў» у Санкт-Пецярбургу адбыліся ўрачыстасці з нагоды 25-гадовага юбілею заснавання гэтай навучальнай установы.

У святкаванні юбілею ўзяў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які ў 1993 г. заснаваў гэтую семінарыю. На ўрачыстай «Акадэміі», якая праходзіла ў памяшканні семінарыйнай бібліятэкі, сабраліся шматлікія госці і выпускнікі семінарыі.

Напачатку рэктар духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева Апосталаў» кс. Канстацін Перыдэрый прывітаў усіх і коратка прадставіў гісторыю семінарыі і яе актуальны стан.

За 25 гадоў існавання гэтай духоўнай навучальнай установы ў яе паступілі 329 студэнтаў, з якіх 64 сталі святарамі, а адзін з іх, Эдвард Кава, сёння з’яўляецца дапаможным біскупам у Львове.

Сёння тут праходзяць фармацыю да святарства сем семінарыстаў. У перадсемінарыі ў Навасібірску рыхтуюцца яшчэ тры кандыдаты. Санкт-Пецярбургская духоўная семінарыя з’яўляецца міждыяцэзіяльнай і адзінай каталіцкай семінарыяй ва ўсёй Расійскай Федэрацыі.

Прысутны на ўрачыстасці Сакратар Кангрэгацыі па справах духавенства арцыбіскуп Хорхэ Карлас Патрон Вонг выступіў з лекцыяй Lectio Magistralis у якой прадставіў праграму падрыхтоўкі да святарства — Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis.

Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы выступіў з дакладам на тэму «Вынікі Сіноду Біскупаў пра моладзь і пакліканне».

Тры выпускнікі семінарыі — кс. Віктар Мэссмер, пробашч у Карагандзе, кс. Сяргей Бабаджанян, пробашч з Краснадара, і кс. Аляксандр Дэппершмідт, пробашч з Алтайскага краю, — выступілі са сваімі сведчаннямі, у якіх успаміналі часы навучання ў семінарыі і распавялі аб сваёй працы.

Святкаванне завяршылася ўрачыстай св. Імшой у пракатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў ардынарый дыяцэзіі св. Клімэнта ў Саратаве, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі біскуп Клемэнс Піккель. Разам з ім гэтую Эўхарыстую канцэлебравалі Апостальскі нунцый у РФ, расійскія біскупы і арцыбіскуп Кандрусевіч.

У гаміліі саратаўскі біскуп падкрэсліў неацэннае значэнне семінарыі для адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Расіі, заахвоціў без страху прымаць пакліканне да святарства і не баяцца святарскага крыжа.

Са сваім словам да прысутных звярнуўся таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Былы расійскі, а цяпер беларускі іерарх распавёў прысутным аб складанай гісторыі заснавання семінарыі ў Маскве ў 1993 г., калі па чалавечых меркаваннях гэта было проста немагчыма, але з Божай дапамогай, тым не менш, удалося.

Спачатку ў 1991 г. быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі, філасофіі і гісторыі імя св. Тамаша Аквінскага. Яго дзейнасць праклала шлях да практычнай рэалізацыі мары мець у Расіі духоўную семінарыю. Статут семінарыі «Марыя — Каралева Апосталаў» быў зарэгістраваны міністэрствам юстыцыі Расійскай Федэрацыі у 1993 г.

На першы курс было прынята 17 семінарыстаў з Расіі і Казахстана. Семінарыя размяшчалася ў бараках каля тады яшчэ канчаткова не аддадзенага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які сёння з’яўляецца маскоўскай катэдрай. Зімой часамі ў бараках тэмпература была ніжэй за нуль, але семінарысты трымаліся…

Між тым тагачасны маскоўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дабіваўся перадачы гістарычнага будынку каталіцкай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу.

У 1995 г. невялікая частка таго будынку была перададзена семінарыі, і там адразу распачаліся заняткі. Так усё вярнулася на «кругі свае».

Пасля закрыцця царскімі ўладамі Мінскай духоўнай семінарыі ў 1869 г. яна з Мінска была пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Такім чынам, гістарычная Санкт-Пецярбурская семінарыя, якая з’яўляецца наступніцай Мінскай, аднавіла сваю дзейнасць.

Напачатку ў гэтай духоўнай навучальнай установе не было належных умоваў. Так, з-за адсутнасці сталовай на пачатку семінарысты харчаваліся ў Ваенна-механічным інстытуце, які знаходзіўся паблізу. З часам семінарыі быў перададзены ўвесь будынак і прылеглая да яго пракатэдра. Пад кіраўніцтвам кс. прэлата Андрэя Стэцкевіча быў адрамантаваны і будынак семінарыі, і касцёл. Семінарыя атрымала афіліяцыю пры Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме. З таго часу яе выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра гэтай прэстыжнай навучальнай установы.

Вялікім благаслаўленнем для семінарыі і для Касцёла ў Расіі быў святой памяці Слуга Божы кс. прэлат Бэрнардо Антаніні з Вероны. Ён быў першым рэктарам семінарыі і яе духоўным натхняльнікам.

Санкт-Пецярбурская духоўная семінарыя стала цэнтрам жыцця Каталіцкага Касцёла ў Расіі і арганічна ўпісалася ў акадэмічнае і культурнае жыццё горада св. Пятра на Няве, чаму спрыяюць і выдавецтва пры семінарыі, навуковы часопіс Folia Petropolitana і адкрытая таксама для студэнтаў іншых ВНУ семінарыйная бібліятэка.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў семінарыі ў Санкт-Пецярбургу Божага благаслаўлення, каб яе сцены былі напоўнены новымі святымі пакліканнямі, а выпускнікі працягвалі слаўныя традыцыі Пецярбурскай Alma Mater.

Абноўлена 09.11.2018 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа