Пошук

08.11.2018 10:30   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч бярэ ўдзел у святкаванні срэбранага юбілею, які ў гэтыя дні ўрачыста адзначаюць у заснаванай ім у 1993 г. духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева апосталаў» у Санкт-Пецярбургу.

Асноўныя юбілейныя мерапрыемствы з гэтай нагоды ў горадзе на Няве праходзяць 8 лістапада, а напярэдадні тут у касцёле св. Станіслава адбылося адкрыццё мемарыяла з прозвішчамі вядомых 425 каталіцкіх святароў, якія загінулі падчас атэістычнага рэжыму ў савецкіх лагерах.

На пачатку памятнага мерапрыемства адбылася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў наступнік арцыбіскупа Кандрусевіча на Маскоўскай каталіцкай кафедры арцыбіскуп Паоло Пэццы, ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Апосталькі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ, Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і ўсе расійскія біскупы, а таксама шматлікія святары.

У гаміліі арцыбіскуп Пэццы звярнуў увагу на значэнне мучаніцтва ў жыцці кожнага хрысціяніна і заклікаў па прыкладу новамучанікаў ХХ стагоддзя несці крыж свайго жыцця.

Пасля св. Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч у кароткай прамове падкрэсліў, што калі яшчэ не так даўно дзень 7 лістапада лічыўся «чырвоным днём календара» — гэта азначае святочным днём, — то сёння ў Каталіцкім Касцёле ў Расіі гэта дзень малітвы за ахвяры таталітарнага савецкага рэжыму і іх праслаўлення.

Беларускі іерарх падкрэсліў, што кроў мучанікаў дае свае плёны і Расія адраджаецца да духоўнага жыцця. Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт таксама падзякаваў пробашчу касцёла св. Станіслава, які з’яўляецца адказным за праслаўленне расійскіх мучанікаў ХХ стагоддзя, за яго клопат, каб памяць пра іх не загінула, а натхняла на духоўныя подзвігі новыя пакаленні вернікаў не толькі ў Расіі, але і ва ўсім свеце, дзе хрысціянства з’яўляецца самай пераследаванай рэлігіяй.

На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, у працэс праслаўлення новамучанікаў арганічна ўпісваецца адкрыццё мемарыялу ў гонар святароў, якія аддалі сваё жыццё за веру. Іерарх з Беларусі таксама нагадаў прысутным, што слова «мучанік» на грэцкай мове азначае «сведка». У сувязі з гэтым ён завяршыў сваю прамову просьбай да новамучанікаў, каб яны выпрасілі ў Бога ласку нам усім быць сведкамі веры ў час, калі шмат людзей адвярнуліся ад Бога. На памяць пра падзею ўсе ўдзельнікі ўшаванавання мучанікаў атрымалі невялікія драўляныя крыжы.

У набажэнстве ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі ўладаў Санкт-Пецярбурга, генеральныя консулы (або іх прадстаўнікі) ЗША, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі і Фінляндыі.

Абноўлена 08.11.2018 23:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця