Мабільныя гульні па гісторыі Евангелля і асобная Папская рада па справах моладзі — так у бліжэйшы час можа выглядаць душпастырства моладзі ў Касцёле.
Ці будуць гэтыя змены ўвасоблены ў жыццё, залежыць ад каталіцкіх біскупаў, якія абмяркоўваюць гэтыя і іншыя прапановы на бягучым Сінодзе. Разгледзім некаторыя з ідэяў больш падрабязна.
1. Рымскую Курыю можа папоўніць яшчэ адна Папская рада — па справах моладзі
Падобная прапанова гучала ў самым пачатку Сіноду Біскупаў. Айцы Сіноду адзначалі, што большасць парафіяльных супольнасцей не адпавядае чаканням моладзі, у выніку чаго яна аддаляецца ад Касцёла.
Пра асобную Папскую раду па справах моладзі біскупы загаварылі зноў 18 кастрычніка, абмяркоўваючы даклады па трэцяй частцы Працоўнага дакумента Сіноду, прысвечанай душпастырству.
У прыватнасці, удзельнікі асамблеі прапанавалі ўключыць у новую Раду прадстаўнікоў пяці кантынентаў.
Гаворка ішла пра важнасць абнаўлення душпастырскай дзейнасці, у якой трэба ўмець слухаць і адлюстроўваць любячы позірк Хрыста, а таксама размаўляць на мове моладзі, пачынаючы з «лічбавай».
2. Пры епіскапатах могуць з’явіцца аддзелы «па душпастырстве і лічбавым місіянерстве»
Падчас абмеркавання іерархі сышліся ў неабходнасці стварэння на ўзроўні мясцовых Касцёлаў спецыяльных аддзелаў «па душпастырстве і лічбавым місіянерстве», што дапаможа ў евангелізацыі і папулярызацыі афіцыйнага каталіцкага вучэння.
Надаючы ўвагу евангелізацыі ў «лічбавым свеце», удзельнікі Сіноду падкрэслілі важнасць мабільных дадаткаў, гульняў і інтэрактыўных інструментаў, якія дапамогуць моладзі знаёміцца з Евангеллем і Касцёлам.
Разам з тым біскупы выказалі заклапочанасць залежнасцю моладзі ад гаджэтаў і прыйшлі да высновы, што Касцёл павінен садзейнічаць канкрэтным сустрэчам паміж людзьмі праз пілігрымкі і мерапрыемствы, накшталт Сусветных дзён моладзі.
3. У кожнай дыяцэзіі могуць стварыць моладзевыя рады
Удзельнікі біскупскага сходу абмяркоўвалі стварэнне моладзевых радаў на ўзроўні дыяцэзій. Падкрэслівалася неабходнасць фармавання моладзевых лідараў, бо ад іх залежыць будучыня свету.
Душпастырства моладзі павінна быць якасным, не нагадваючы «масавую вытворчасць».
Яно павінна дапамагаць маладым людзям знаходзіць адказы на пытанні аб сэнсе жыцця і ствараць даверлівыя адносіны да Касцёла. Адзначалася важнасць выхавання моладзі ў актыўнай грамадскай і палітычнай пазіцыі.
Айцы Сіноду сышліся на думцы, што трэба прысвячаць моладзі больш часу і рэсурсаў: патрэбныя духоўныя кіраўнікі, здольныя суправаджаць з любоўю.
4. Семінарыйная фармацыя стане больш практычнай, а душпастыры — «моладзеарыентаванымі»
Удзельнікі асамблеі згаджаюцца з неабходнасцю перагляду семінарыйнай фармацыі: яна павінна быць менш тэарэтычнай і больш практычнай, блізкай да рэальнасці, у якой жыве моладзь.
Кожны малады чалавек мае патрэбу ў сведках веры, людзях, якія будуць яго натхняць; прагне сустракаць пастыраў, якія жывуць духам благаслаўленняў, моляцца, медытуюць, не застаючыся проста супрацоўнікамі касцёльных структур.
Падкрэслівалася, што моладзь жадае мець маральны аўтарытэт, які дасць ёй жыццёвыя арыенціры. Калі маладыя людзі будуць бачыць, як пастыры ідуць насустрач людзям, яны таксама будуць мець адвагу «падняцца з канапы» і служыць супольнаму дабру і бедным.
Адзначалася, што душпастыры павінны адчуваць «пах» моладзі, жывучы сярод людзей, а не ў палацах. Айцы Сіноду падкрэслілі, што моладзь не просіць аб катэхезах пра малітву, але прагне маліцца разам з біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі.
5. Касцёл можа стаць больш інклюзіўным
Сінадальныя Айцы адзначалі важнасць укладу ў касцёльнае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія сёння амаль не інтэграваны ў яго.
Біскупы зазначалі, што такія людзі з’яўляюцца дарам і актыўнымі суб’ектамі перамены супольнасцей, бо даюць усім магчымасць адкрыцца на ўзаемную салідарнасць.
Такая ж увага, на думку Айцоў Сіноду, павінна надавацца самотным асобам і людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі, бо заданне Касцёла — у суправаджэнні маладых людзей, каб дапамагаць надаваць сэнс уласнаму жыццю.
«Бог мае вялікую задуму адносна кожнага чалавека», — адзначалі ўдзельнікі Сіноду.
Верагодна, гэта можа прывесці да стварэння асобных душпастырстваў самотных людзей, людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падобныя душпастырствы ўжо заснаваны ў некаторых краінах.