Прапановы абнаўлення душпастырскай дзейнасці і духоўнага суправаджэння моладзі гучалі падчас трэцяй кангрэгацыі Сіноду Біскупаў, якая прайшла ў другой палове дня 4 кастрычніка 2018 г. у Ватыкане.
У Сінадальным зале выступілі 20 дакладчыкаў, пасля чаго адбыліся свабодныя дэбаты паміж удзельнікамі асамблеі. Імі падкрэслівалася, што моладзь павінна быць не толькі аб’ектам, але і суб’ектам абвяшчэння Евангелля.
Удзельнікі Сіноду Біскупаў падкрэслівалі, што важна з адвагай казаць моладзі аб прыгажосці хрысціянскага разумення сексуальнасці, без табуіравання гэтай тэмы.
Трэба не пакідаць без увагі вялікае мноства людзей, у якіх не атрымліваецца жыць у чыстасці да шлюбу.
Некаторыя сінадальныя Айцы казалі пра тое, што большая частка парафіяльных супольнасцей не адпавядае чаканням моладзі, у выніку чаго яна аддаляецца ад Касцёла. Гаворка ішла пра важнасць абнаўлення душпастырскай дзейнасці, у якой трэба ўмець слухаць і адлюстроўваць любячы позірк Хрыста, а таксама размаўляць на мове моладзі, пачынаючы з «лічбавай».
Біскупы прапановалі стварыць спецыяльную Папскую раду па справах моладзі, распачаць духоўнае абнаўленне, дапамагчы моладзі вярнуць давер да духавенства, асабліва пасля скандалаў, звязаных са злоўжываннямі. Падкрэслівалася, што Сінод Біскупаў павінен прадставіць канкрэтныя, а не абстрактныя душпастырскія прапановы.
Гаворка ішла пра важнасць катэхізацыі, літургіі, народнай пабожнасці, дзякуючы якім у часы пераследу многія хрысціяне здолелі захаваць сваю веру. Падкрэслівалася, што калі Касцёл не дае моладзі магчымасці для цішыні і сузірання, яна шукае гэтага ў іншых месцах.