Пошук

28.09.2018 14:00   rublev.com

Каталіцкі Касцёл у Германіі да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны праводзіць у Кёльне адмысловую акцыю пад дэвізам Dona Nobis Pacem — «Дай нам супакой».

Як паведамляе Deutche Welle, кожны вечар з 26 па 30 верасня на паўднёвы фасад святыні праектуюцца сімвалічныя выявы і антываенныя лозунгі Peace (Мір), Never again! (Ніколі зноў!) і іншыя.

«Мы хочам выкарыстаць вядомасць катэдры і яе значэнне як самага знакамітага рэлігійнага цэнтра ў Германіі, — расказаў у каментары пробашч парафіі Герд Бахнер. — Мы хочам скіраваць зразумелае пасланне свету: Германія выступае супраць нянавісці».

Аўтарамі светлавой інсталяцыі сталі два нямецкія медыядызайнеры Дэтлеф Хартунг і Георг Трэнц. Абодва мастакі разглядаюць сваю інсталяцыю як адкрыты дыялог пра вайну і свет, у якім чалавек узаемадзейнічае з архітэктурай, святлом і тыпаграфікай.

Кожны вечар, пачынаючы з 20.00, на сцены святыні транслюецца закальцаванае 15-хвіліннае слайд-шоу, якое складаецца з выяў, што рухаюцца. Транслююць выявы 19 магутных відэапраектараў.

Аўтары адзначаюць, што ў выпадку з Кёльнскай катэдрай яны не імкнуліся здзівіць гледача, паколькі знакамітая святыня сама па сабе — славутая пабудова.

«Гэты будынак, безумоўна, можа сказаць нам больш, чым мы яму, — кажа Дэтлеф Хартунг. — Але мы ўпэўнены, што спалучэнне прасторы, святла і гуку створыць вобразы, якія будуць натхняць нас на далейшыя разважанні».

Светлавое шоу суправаджаюць фрагменты класічных музычных твораў, гучаць урыўкі з рэквіема № 1 до мінор Луіджы Керубіні і Высокай Імшы Іагана Себасцьяна Баха Dona Nobis Pacem (Дай нам супакой).

У Першай сусветнай вайне загінула 17 мільёнаў чалавек. У ваенныя дзеянні былі ўцягнуты каля 40 краін свету, якія адправілі на фронт 70 мільёнаў чалавек.

Фармат светлавой інсталяцыі, які выкарыстоўвае каталіцкую святыню як частку арт-аб’екта, не з’яўляецца новым для Каталіцкага Касцёла. Так, у снежні 2015 года ў гонар пачатку Юбілейнага года міласэрнасці ў Ватыкане адбылося маштабнае светлавое шоу: фотаздымкі сусветна вядомых фатографаў праектаваліся на катэдру Святога Пятра.

Абноўлена 28.09.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа