У 2017 годзе ўкраінская моладзь запаўняла анкету «Моладзь – вера – распазнанне паклікання». Вынікі апытання стануць падрыхтоўчым матэрыялам для Сіноду Біскупаў, які пройдзе ў Рыме ў кастрычніку 2018 года.
У апытанні бралі ўдзел пераважна маладыя людзі ва ўзросце 16–29 гадоў, якія жывуць у розных рэгіёнах Украіны, але былі і адказы ўкраінцаў з іншых краін: Польшчы, Італіі, Германіі, ЗША.
Анкету запаўнялі асобы, якія належаць да розных рэлігій і канфесій. Усяго было адпраўлена каля 1200 анкет, сабраных у перыяд са жніўня 2017 па люты 2018 года.
Анкета складалася з 54 пытанняў у 7 раздзелах: «Хто я»; «Якім я бачу сябе і свет навокал»; «Я і іншыя»; «Мой жыццёвы выбар»; «Рэлігія, вера і Касцёл»; «Мая прысутнасць у сацыяльных сетках»; «Заключныя пытанні».
Апытанне дазваляе пабачыць погляды сучасных маладых украінцаў на іх ключавыя каштоўнасці і жыццёвую ролю Касцёла.
Жыццёвы выбар украінскай моладзі
Сярод найбольшых каштоўнасцей былі абраныя сям’я, самарэалізацыя і свабода.
Найлепшым узростам, каб пакінуць бацькоўскі дом, моладзь лічыць 20 гадоў, а для нараджэння першага дзіцяці — 25 гадоў, пры гэтым большасць апытаных хацелі б мець траіх дзяцей (прынамсі, не менш за дваіх).
Большасць апытаных не бачаць будучыні без стварэння сям’і і не гатовыя цалкам прысвяціць сябе кар’еры. Праца ўспрымаецца маладым пакаленнем украінцаў у першую чаргу як крыніца прыбытку, а ўжо потым як спосаб самарэалізацыі і магчымасць грамадскага служэння іншым.
Сярод моладзі не вельмі распаўсюджана валанцёрская дзейнасць: большасць удзельнікаў апытання ніколі не бралі ўдзел у такіх акцыях, але апошнім часам сітуацыя змяняецца, і гэтаму спрыяе актыўная дзейнасць Касцёла ў сферы дабрачыннасці.
Хоць навучальныя ўстановы і не з’яўляюцца найбольш аўтарытэтнымі ў вачах сучаснай моладзі, маладыя ўкраінцы перакананыя ў тым, што адукацыя павялічвае прафесійныя веды і ўменні, вучыць узаемадзеянню з іншымі, рыхтуе да дарослага жыцця, дазваляе знайсці ў будучыні працу.
Даследаванне паказала, што ў асабістым жыцці на апытаную моладзь найбольш паўплывала рэлігійная фармацыя, сям’я, чытанне, секцыі і моладзевыя групы (спартовыя, выхаваўчыя, касцёльныя), музыка, хобі і вольны час, а таксама сябры.
Касцёлу і Царкве апытаныя давяраюць больш, чым шпіталям, дзяржаўным і навукова-даследчым установам. Пра гэта сведчыць і тое, што пры прыняцці рашэнняў моладзь найчасцей прыслухоўваецца да думкі маці, на другім месцы — думка святара, на трэцім месцы — думка бацькі, мужа або жонкі, хлопца ці дзяўчыны, сяброў.
Моладзь і вера ва Украіне
Апытаныя маладыя людзі перажываюць свой досвед веры як сустрэчу з жывым Богам. Бог асацыюецца з любоўю, жыццём, выратаваннем, бацькоўствам і праўдай. Езус Хрыстус для новага пакалення з'яўляецца любячым сябрам, Збаўцам і Сынам Божым.
Найкаштоўнейшымі элементамі Каталіцкага Касцёла моладзь назвала літургічныя набажэнствы, прапаведніцтва / катэхізацыю, каталіцкія навучальныя ўстановы, місіянерскую дзейнасць, дзейнасць веруючых настаўнікаў і выхавацеляў.
Найбольш актуальнымі заданнямі для Каталіцкага Касцёла, на думку моладзі, сёння з'яўляецца адпаведнасць паміж паводзінамі і прапаведаваннем, міжрэлігійны дыялог і ўвага да жыццёвых праблем чалавека. Да найбольш эфектыўных сродкаў, якія дапамагаюць зрабіць годны жыццёвы выбар, моладзь адносіць розныя касцёльныя супольнасці, малітоўныя сустрэчы, араторыі, чуванні, паездкі, сустрэчы Тэзэ, духоўнае распазнаванне і размову з духоўнымі асобамі.
Каб стаць бліжэй да моладзі, Касцёл, на думку маладых украінцаў, павінен больш размаўляць з ёю, выкарыстоўваючы сучасныя формы сустрэч, адказваючы на актуальныя жыццёвыя пытанні.
Акрамя таго, маладыя людзі гатовыя дапамагчы сваім аднагодкам быць бліжэй да Бога праз сведчанне і ўласны прыклад жыцця, малітву за іх, запрашаючы іх на святую Імшу і розныя мерапрыемствы пры парафіях.