Пошук

26.09.2018 00:00   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

Раніцай 25 верасня Святы Айцец прыляцеў у Эстонію, дзе ў талінскім аэрапорце яго сустракала прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд, прадстаўнікі ўраду і мясцовага Касцёла.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ў традыцыйных строях уручылі Папу кветкі, а дзіцячы хор праспяваў для высокага госця эстонскі народны спеў. Святы Айцец асабіста прывітаў кожнага з выканаўцаў і зрабіў з імі сумеснае фота.

З аэрапорта Пантыфік скіраваўся ў прэзідэнцкі палац, дзе адбылася яго прыватная сустрэча з кіраўніком дзяржавы, пасля якой ён звярнуўся з прамовай да сабраных у летнім садзе палаца прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.

У сваёй прамове Пантыфік звярнуў увагу на старажытную назву Эстоніі — Maarjamaa — «Зямля Марыі».

«Гэта імя, якое не толькі належыць да вашай гісторыі, але і з’яўляецца частка вашай культуры», — сказаў ён і дадаў, што, думаючы пра Маці Божую, узгадвае два словы: памяць і плённасць.

Папа заўважыў, што на працягу гісторыі Эстонія спазнала шмат пакут, звязаных з барацьбой за свабоду і незалежнасць, аднак за апошнія 25 гадоў гэта маленькая краіна зрабіла «гіганцкія крокі» і знаходзіцца на вяршыні рэйтынгаў па ўзроўні чалавечага развіцця, інавацый, свабоды слова, дэмакратыі і палітычных свабод, супрацоўніцтва і сяброўства з рознымі краінамі.

«Улічваючы ваша мінулае і сучаснасць, у нас ёсць падставы для таго, каб глядзець у будучыню з надзеяй перад абліччам новых выклікаў. Быць зямлёй памяці азначае мець здольнасць памятаць, што сваім сённяшнім месцам вы абавязаны высілкам, працы, духу і веры вашых бацькоў», — сцвердзіў Пантыфік.

Гаворачы пра Эстонію як пра «зямлю плённасці», Папа падкрэсліў, што дабрабыт не заўсёды з’яўляецца сінонімам добрага жыцця. Ён заўважыў, што ў сучасным тэхнакратычным грамадстве людзі губляюць сэнс і радасць жыцця, свядомасць супольнасці, укаранёнасці ў народзе, культуры, сям’і. Усё гэта пазбаўляе, асабліва моладзь, здольнасці марыць, рызыкаваць, ствараць.

«Поўны давер да тэхналагічнага прагрэсу як адзінай магчымасці для развіцця можа прывесці да страты здольнасці ствараць сувязі паміж асобамі, пакаленнямі і культурамі; іншымі словамі, да страты той жыццядайнай тканкі, важнай для адчування сябе часткай адно аднаго і ўдзельнікам супольнага праекту ў шырокім значэнні гэтага слова», — сказаў Папа.

Ён таксама падкрэсліў, што зямля з’яўляецца плённай, калі ўсе члены грамадства адчуваюць сябе «дома», бо няма горшага віду адчужанасці, чым пачуццё адсутнасці каранёў і прыналежнасці. Святы Айцец запэўніў эстонскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, што ў сваіх намаганнях яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі, маленькай супольнасці з «моцным жаданнем спрыяць плённасці гэтай зямлі».

Пасля сустрэчы з эстэблішмэнтам папа Францішак правёў экуменічную сустрэчу з моладдзю ў сталічнай лютэранскай кірхе св. Караля, на пачатку якой падзякаваў маладым вернікам і арцыбіскупу эстонскай Евангелічна-лютэранскай Царквы Урмасу Віілма за цёплую сустрэчу.

У скіраванай да ўдзельнікаў сустрэчы прамове Святы Айцец засяродзіўся на словах з Евангелля паводле св. Мацвея, змешчаных у апсідзе кірхі: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Пантыфік адзначыў, што маладыя людзі часта адчуваюць сябе незразуметымі, і запэўніў:

«Я хачу вам тут сёння сказаць, што, калі вы плачаце, мы хочам плакаць з вамі, суправаджаць нашымі апладысментамі і ўсмешкай вашыя радасці, дапамагчы вам жыць у наследаванні Пана».

Разам з тым Папа прызнаў, што для суправаджэння моладзі Касцёлу трэба выправіць многае ў існуючай сітуацыі, якая прыводзіць да адыходу маладых людзей з хрысціянскай супольнасці.

Яны абураныя сексуальнымі і эканамічнымі скандаламі, не бачачы іх рашучага асуджэння; няздольнасцю правільнага разумення жыцця і адвядзеннем моладзі выключна пасіўнай ролі ў Касцёле. Пантыфік запэўніў, што Касцёл хоча адказваць на пытанні маладога пакалення і жадае быць для яго празрыстай, гасціннай, сумленнай, прывабнай, камунікатыўнай, зразумелай, радаснай і інтэрактыўнай супольнасцю.

Святы Айцец адзначыў, што многія маладыя эстонцы не ведаюць Хрыста; яны перажылі распад кахання бацькоў, адчуваюць сябе настолькі бескарыснымі, што вымушаны эміграваць у пошуках працы. У гэтай сітуацыі ім патрэбна шчырая любоў іншых.

«Мы аб’яднаныя верай у Езуса, і Ён чакае, каб мы неслі Яго ўсім маладым людзям, якія страцілі сэнс жыцця», — сказаў Папа.

«Памолімся, каб мець апостальскую сілу несці Евангелле іншым, даваць яе, а не навязваць, каб адмовіцца ад ператварэння нашага хрысціянскага жыцця ў музей успамінаў. Хрысціянскае жыццё — гэта жыццё, будучыня і надзея», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла. У завяршэнне ён заклікаў моладзь не баяцца Божых «сюрпрызаў», смела ісці наперад, каб сустрэць іх.

Пасля экуменічнай сустрэчы з моладдзю папа Францішак скіраваўся ў талінскі катэдральны касцёл святых Пятра і Паўла, дзе сустрэўся з асобамі, пра якіх клапоцяцца мясцовыя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі: з ахвярамі залежнасцяў, беднымі, самотнымі маці. Між іншым, Святы Айцец высока ацаніў працу мясцовых Місіянерак Божай Любові, якія «не баяцца быць знакам блізкасці і працягнутай рукой нашага Бога».

«Місійная вера крочыць, як гэтыя сёстры, па вуліцах нашых гарадоў, нашых кварталаў, нашых супольнасцяў, кажучы з дапамогай вельмі канкрэтных жэстаў: стань часткай нашай сям’і, вялікай сям’і Бога, у якой ёсць месца для кожнага. Не заставайся звонку!» — заахвоціў Пантыфік.

«Я хацеў бы заклікаць вас працягваць будаваць сувязі, выходзіць на вуліцы і казаць людзям: таксама і ты з’яўляешся часткай нашай сям’і. Езус паклікаў вучняў і яшчэ сёння кліча кожнага з нас, дарагія браты, каб мы працягвалі сеяць і абвяшчаць Яго Валадарства. Ён разлічвае на вашую гісторыю, на вашае жыццё, на вашыя рукі, каб прайсці праз горад і падзяліць з вамі рэчаіснасць, у якой вы жывяце», — дадаў Святы Айцец. На заканчэнне ён асабіста прывітаў кожнага з удзельнікаў сустрэчы, пасля чаго скіраваўся на талінскую плошчу Свабоды, каб там узначаліць Эўхарыстыю.

Падчас гэтай св. Імшы папа Францішак параўнаў гісторыю эстонскага народа з вызваленнем з егіпецкай няволі.

«Вы ведаеце, што такое барацьба за свабоду, і вы можаце атаясамліваць сябе з выбраным народам», — адзначыў ён, узгадаўшы т.зв. «Спеўную рэвалюцыю» — мірныя акцыі пратэсту ў рэспубліках Балтыі ў 1987–1991 гадах, а таксама «жывы ланцуг» з двух мільёнаў людзей, які ў 1989 годзе злучыў Вільню, Рыгу і Талін.

Быць выбраным народам не азначае нейкай выключнасці цi сектанцтва, падкрэсліў Пантыфік у сваёй гаміліі. Хрысціяне — «гэта невялікая частка, якая паклікана стаць закваскай для ўсёй масы; часткай, якая не хаваецца, не аддзяляецца, якая не лічыць сябе лепшай ці чысцейшай».

Папа заўважыў, што сёння большасць эстонцаў не лічаць сябе вернікамі, і ў такой сітуацыі Касцёл павінен пераадолець страх, адмовіцца ад прабывання ў камфортнай прасторы і даваць сведчанне «святога народа». «Мы не можам паддацца спакусе і думаць, што святасць існуе толькі для некаторых», — падкрэсліў ён.

Святы Айцец заклікаў эстонскіх католікаў дапамагаць людзям, якія апынуліся на ўзбоччы грамадства: у іх крыецца вобраз Бога, яны з’яўляюцца братамі, адкупленымі Езусам Хрыстом.

«Не пакідайце гэтага іншым: тым, якія прыйдуць пазней, пасля нас; не рабіце гэта праблемай, якую павінны вырашаць установы. Менавіта гэта азначае быць хрысціянінам, гэта святасць, якой жывуць кожны дзень», — сцвердзіў Папа.

Пасля заканчэння св. Імшы, якая стала апошнім пунктам Апостальскага візіту папы Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію, ён падзякаваў за гасціннасць «невялікай супольнасці з вялікім сэрцам», як ён назваў Каталіцкі Касцёл у Эстоніі.

Абноўлена 26.09.2018 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа