Пошук

24.09.2018 08:48   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

Заставацца вернымі Божай любові заклікаў папа Францішак прадстаўнікоў духавенства, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў Літвы, з якімі сустрэўся 23 верасня ў катэдральным касцёле свв. Пятра і Паўла ў Каўнасе.

Зыходным пунктам для разважанняў Святога Айца, якімі ён падзяліўся з прысутнымі, стаў фрагмент Паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў, у якім гучыць заклік да пастаяннай надзеі, якая нараджаецца з усведамлення таго, што «тым, хто любіць Бога, <…> усё садзейнічае дзеля дабра іхняга» (пар. Рым 8, 22–28).

«Усё стварэнне разам стогне і пакутуе <…>, чакаючы ўсынаўлення, выкуплення цела нашага», — піша св. апостал Павел. Следам за ім Пантыфік запрасіў кожнага з прысутных прыслухацца, ці ёсць у ім гэты стогн, гэтае «хваляванне сэрца, якое толькі Бог можа наталіць». Ці, можа, «грамадства дабрабыту зрабіла нас занадта насычанымі, поўнымі паслугаў і дабротаў, і мы аказваемся абцяжаранымі ўсім і напоўненымі нічым»?.. Папа заклікаў «гадаваць у сабе прагу Бога», весці з Ім «штодзённы дыялог праз малітву і адарацыю».

«Крык, які прымушае нас шукаць Бога ў малітве і адарацыі — той самы, які дае нам пачуць плач нашых братоў. Яны спадзяюцца на нас, і нам трэба, зыходзячы з руплівай разважлівасці, арганізавацца, вырашыць быць адважнымі і крэатыўнымі ў нашым апостальстве», — падкрэсліў Святы Айцец.

Кажучы пра надзею, апостал Павел заклікаў да пастаянства: пастаянства ў пакутах, пастаянства ў дбанні пра дабро.

«Гэта значыць быць засяроджанымі на Богу, заставацца моцна ўкаранёнымі ў Ім, быць вернымі Яго любові», — патлумачыў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў памятаць пра мучаніцтва шматлікіх папярэднікаў, якія зведалі жорсткасць у адказ на абарону грамадзянскіх і рэлігійных свабод, паклёпы, зняволенні і дэпартацыі і пры гэтым захавалі веру ў Езуса Хрыста.

«Вы – сыны мучанікаў, і ў гэтым вашая сіла», — сказаў Папа і дадаў, што «перажытая гісторыя — гэта корань, які дазваляе дрэву квітнець».

Нарэшце, «глядзець на Езуса Хрыста як на нашу надзею значыць атаясамлівацца з Ім, супольна ўдзельнічаць у Ягоным лёсе», — заўважыў Пантыфік. Ён заклікаў духавенства і кансэкраваных асобаў разам, а не паасобку, выконваць місію, да якой яны пакліканыя: словам і прыкладам жыцця абвяшчаць Евангелле.

«Толькі прыклад нашага жыцця зможа абгрунтаваць нашу надзею на Езуса», — сказаў Святы Айцец.

Папа перасцярог ад успрымання паклікання як працы, як чыноўніцтва. З гэтага памылковага ўсведамлення нараджаецца сум і расчараванне. Лекамі ад гэтай хваробы з’яўляецца блізкасць, сказаў Папа. Блізкасць да Бога, блізкасць да свайго народа, да патрабуючых. На гэтай зямлі, дзе Бог праявіў сябе як Бог міласэрнасці, святар не можа не быць міласэрным, асабліва ў канфесіянале, выказаў упэўненасць папа Францішак.

«Калі не можаце знайсці вырашэнне праблемы, суцешце, дайце верніку адчуць Айцоўскую любоў Бога <…>

Канфесіянал — не кабінет псіхіятра. У ім павінна праяўляцца Божая міласэрнасць.

Святарскае служэнне і кансэкраванае жыццё — гэта жыццё маці і айцоў, жыццё міласэрнасці. Калі будзеце так жыць, будзеце мець цудоўную ўсмешку і вочы, поўныя шчаслівага бляску», — заключыў Святы Айцец.

Абноўлена 24.09.2018 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця