Пошук

22.09.2018 21:14   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У літоўскай сталіцы завяршылася сустрэча Пантыфіка з маладымі людзьмі, сярод якіх былі і пілігрымы з Беларусі. Прамаўляючы да моладзі, папа Францішак заахвоціў яе «быць адважнай» у сваёй веры.

На плошчу ля катэдры Папа Рымскі прыбыў пасля малітвы ў Вострай Браме.

Шлях папамабіля пралягаў паўз цэнтральныя вуліцы Вільні. Мінакі з усмешкамі віталі Пантыфіка, махаючы нацыянальнымі сцяжкамі і здымаючы яго на мабільныя тэлефоны.

Літоўская моладзь сустракала Святога Айца гімнам «Езус Хрыстус – мая надзея», напісаным спецыяльна да гэтай падзеі. Пасля перад Пантыфікам выступілі прадстаўнікі моладзі, якія падзяліліся сваім сведчаннем.

Наступнік св. Пятра з цеплынёй абняў кожнага з выступоўцаў, адзначыўшы, што прыняў іх сведчанні як сябра, «калі б яны сядзелі разам у якімсьці бровары, расказваючы пра сваё жыццё, п’ючы піва або хлебны квас пасля наведвання “Моладзевага тэатру“».

Пантыфік прызнаўся, што ў сваіх сведчаннях моладзь не абмінула такія важныя ў Касцёле рэчы, як спеў у хоры, малітву ў сям’і, св. Імшу, катэхезы і дапамогу для патрабуючых.

«Гэтыя практыкі з'яўляюцца той абаронай, якую дае нам Хрыстус», – адзначыў ён.

Малітва і спеў дапамагаюць нам, згодна са словамі папы Францішка, не замыкацца ў гэтым свеце; праз музыку – адкрываць сябе на знешняе жыццё і ўменне слухаць.

Малітва можа быць вопытам «духоўнай барацьбы», але менавіта праз яе мы вучымся слухаць Святога Духа, распазнаючы знакі часу і назапашваючы сілы, каб абвяшчаць Евангелле.

«Бо як інакш мы маглі б змагацца з нашымі цяжкасцямі і праблемамі іншых? Як без малітвы мы змаглі б паверыць, што не ўсё залежыць ад нас, што мы не адны ў змаганні з выклікамі гэтага свету?» - задаўся пытаннем Пантыфік.

Сустрэча з Богам, з Яго Словам, з Эўхарыстыяй нагадвае, што «сіла праціўніка не мае значэння, як не мае значэння, хто мацней – Zalgiris Kowno або Vilnius Rytas, – вынік не мае значэння, калі з намі Хрыстус».

У прамове да маладых людзей Святы Айцец звярнуўся да тэмы эміграцыі моладзі, адзіноты, прабывання ў дэпрэсіі, злоўжывання алкаголем і наркотыкамі.

«Езус заахвочвае нас выйсці са сваіх абмежаванняў і страху сустрэчы з імі “тварам у твар”, – сказаў Пантыфік. – Гэта праўда, што вера ў Хрыста часта цягне за сабой "скачок у невядомасць", які заўсёды страшна рабіць.

Часта вера прымушае нас задаваць сабе пытанні, ставіць пад сумненне нашы прывычныя ўяўленні. Але будзьце адважнымі! Наследванне Хрыста – гэта мужная прыгода.

Шаноўная моладзь, варта ісці за Хрыстом, не бойцеся ўдзелу ў рэвалюцыі, да якой Ён нас запрашае: рэвалюцыі пяшчоты».

Пантыфік дадаў, што жыццё – гэта заўсёды дарога, на якой мы шукаем свайго ўласнага накірунку, «без боязі вярнуцца назад, калі я зрабіў памылку».

«Самае небяспечнае – пераблытаць жыццё з лабірынтам, з вяртаннем у кола вакол саміх сябе, замест таго, каб шукаць дарогу, якая выведзе нас. Не будзьце моладдзю ў лабірынце, з якога цяжка выйсці, але моладдзю ў дарозе».

«Не бойцеся зрабіць стаўку на Хрыста, прыняўшы Яго справу – справу Евангелля.

Хрыстус ніколі не сыйдзе з чаўна вашага жыцця, заўсёды будзе стаяць на перакрыжаваннях нашага жыцця, ніколі не перастане змагацца за нас, нават калі часамі мы самі стараемся сябе знішчыць.

Езус шчодра адорвае нас часам, у якім ёсць месца для паразаў, дзе нікому не трэба з'язджаць, бо месца ёсць для кожнага. Многія будуць хацець заняць вашае сэрца, засадзіўшы яго лебядою, але ў выніку, калі аддамо жыццё Хрысту, заўсёды пераможа добрая пшаніца».

Абноўлена 24.09.2018 07:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця