Пошук

22.09.2018 14:27   Catholic.by

У Вільні завяршылася сустрэча папы Францішка з Прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбайскаўтэ. У сваёй прамове па выніках сустрэчы Пантыфік дзякаваў літоўцам за гасціннасць, згадваў няпростую гісторыю гэтай балтыйскай краіны і заверыў у заўсёднай падтрымцы з боку Святога Пасада.

У прыватнасці, аддаючы пашану рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасці ў Літве, Святы Айцец пералічыў этнасы ў складзе Літоўскай Рэспублікі, не забыўшыся і пра беларусаў.

Літва як мост Камуніі і надзеі

«Распачынаю гэту пілігрымку ў балтыйскія краіны з Літвы, якая, згодна са словамі св. Яна Паўла ІІ, з’яўляецца “маўклівай сведкай рэлігійнай свабоды”.

Я хацеў бы прывітаць увесь літоўскі народ, які адчыняе сёння дзверы свайго дому. Да ўсіх вас скіроўваю сваю любоў і шчырую ўдзячнасць.

Гэты візіт адбываецца ў важны момант, калі літоўскі народ святкуе 100-годдзе незалежнасці. Гэта быў час, пазначаны шматлікім цярпеннем. Ваш народ мае моцную душу, якая зрабіла магчымым гэтае трыванне і адраджэнне.

На працягу сваёй гісторыі Літва яднала на сваёй тэрыторыі людзей розных этнасаў і рэлігій і вызначалася добразычлівасцю. Усе знайшлі на гэтых землях месца для жыцця: літоўцы, татары, палякі, рускія, беларусы, украінцы, армяне, немцы...; католікі, праваслаўныя, пратэстанты, стараверы, мусульмане, яўрэі.

Жылі разам у згодзе, ажно да прыходу сюды ідэалогіі таталітарызму, якая струшчыла здольнасць гасціннасці, сеячы недавер і сілу. Чэрпанне сілаў з мінулага – пашана да каранёў і падтрымка таго, што з’яўляецца сапраўдным і арыгінальным, – гэта дазволіла вам як народу развівацца і не згубіцца: талерантнасці, гасціннасці, павагі і салідарнасці».

Звяртаючыся да Прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, Пантыфік дадаў:

«Запэўніваю Вас, што можаце разлічваць – як і дагэтуль – на падтрымку і супольную працу з Каталіцкім Касцёлам, каб ваша зямля магла выканаць сваё пакліканне і быць мастом еднасці і надзеі».

Кіраўнік Літоўскай Рэспублікі ў сваю чаргу назвала візіт Папы ў Літву «падарункам для літоўцаў».

«Мы ведаем, што людзі для Вас заўжды важнейшыя за юбілеі. І для нас вялікі гонар з боку Святога Пасаду мець гэтую падтрымку, якая з'яўляецца знакам падтрымкі нашай свабоды як народа.

Сустрэча з Вамі ўмацоўвае нашу веру і наш дух».

Абноўлена 24.09.2018 19:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.