Пошук

27.09.2018 13:05   Тэкст і фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by
фота Уладзіслава Галваноскага

На сустрэчу з папам Францішкам у Літву прыбыло каля дзвюх тысяч беларусаў, у ліку якіх таксама моладзь з Віцебскай дыяцэзіі. Пілігрымка стала для их паглыбленнем веры і яднаннем у вялікай хрысціянскай сям'і.

Падрыхтоўка да паездкі пачалася за некалькі месяцаў. Пад кіраўніцтвам адказнага за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алега Хмылко пачала збірацца група тых, хто хоча паехаць у Літву на сустрэчу з Папам Рымскім.

      

Я планавала паездку з таго моманту, як толькі з’явілася афіцыйная інфармацыя, але сутыкнулася з шэрагам праблем. Калі ж усе выпрабаванні былі пераадолены, мне ўдалося патрапіць у спіс моладзевай групы Віцебскай дыяцэзіі.

Выезд планаваўся позна ўначы, і, калі я заходзіла ў аўтобус, многія ўжо спалі. На раніцу Вільня сустрэла дажджом і халодным надвор’ем, але на настрой гэта не ўплывала. Вопытныя пілігрымы прыгадвалі, якое надвор’е было гэтым летам на ўрачыстасцях у Будславе.

Я трапіла ў вельмі цёплую і сяброўскую кампанію. Я не адчувала сябе чужой, хоць і бачыла некаторых людзей упершыню. Гэтыя два дні былі напоўнены смехам, знаёмствамі, жывымі размовамі, песнямі і танцамі, сумеснай малітвай.

фота кс. Алега Хмылко

Сустрэча з Пантыфікам праходзіла на катэдральнай плошчы. Запомніліся кіламетровыя чэргі да сектараў, дзясяткі сцягоў, ветлівасць валанцёраў. Увесь час да прыезду Папы наша група была разам: мы спявалі песні, падпявалі артыстам (хоць і не разумелі літоўскую мову), рабілі супольныя здымкі.

Парадаваў узровень арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў. Паўсюль было шмат валанцёраў, сектары добра абазначаны. Я ўпершыню на мерапрыемстве такога маштабу і нават не ўяўляю, як цяжка з усім гэтым даць рады.

Калі ўсе пабачылі на экране Папу, які ўжо пад’язджаў да плошчы, з’явілася трымценне. Захацелася стаць бліжэй да агароджы ў надзеі, што Папа пабачыць, зробіць якісьці знак у мой бок. Я чакала гэтай сустрэчы вельмі даўно, але не думала, што ўсё будзе менавіта так. У нейкі момант хацелася закрычаць: «Папа, я тут!»

фота Яны Руткоўскай

Расплакалася, як толькі злавіла позірк і пабачыла гэту шчырую ўсмешку...

Перажытыя эмоцыі амаль немагчыма перадаць. Нават не пагаварыўшы асабіста з Папам Рымскім, я знайшла адказы на многія пытанні, якія шукала ўжо вельмі доўга.

Гэтая паездка загартавала маю веру і паказала, наколькі беларусы моцныя духоўна. Я пабачыла зусім іншы бок Касцёла: больш глыбокі, які не пабачыш на звычайнай Ішмы. У наш час цяжка захаваць у сабе веру, цяжка гаварыць пра яе. Але разам мы можам нават больш: Бог добры!

Яна Руткоўская, Лынтупы:

— З усмешкай прыгадваю сустрэчу, праглядаючы фотаздымкі. Было так утульна, нават нягледзячы на кепскае надвор’е. У чарговы раз я адчула, што мы ўсе, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, — адзіная і вялікая хрысціянская сям’я.

Асабліва гэтае адзінства адчувалася падчас малітвы за папу Францішка: людзі ўзнялі рукі і сапраўды з’ядналіся ў Святым Духу.

Ганна Смільгінь, г. Верхнядзвінск:

— Як Езус заклікаў да адзінства, так і папа Францішак сабраў усіх на сустрэчы ў Вільні, кажучы пра важнасць супольнасці і пяшчоты адно да аднаго.

Чаканне ж нядзельнай святой Імшы на пляцы ў Каўнасе стала ажыццяўленнем гэтых словаў: кампанія, у якой мы прыехалі, была сапраўднай супольнасцю, якая сагравала адно аднаго тым халодным ранкам і словам, і коўдрай, і проста цяплом. У такія моманты так моцна адчуваеш, што розныя, дагэтуль незнаёмыя, мы — адно!

І я вельмі ўдзячная Богу і кожнаму з тых, хто быў побач (асабліва кс. Алегу, дзякуючы якому гэты выезд адбыўся), за гэтыя дні, за сведчанні веры і любові, якія я адчула і пабачыла! Хвала Пану!

Дзмітрый Рынейскі, Віцебск:

— Хачу сказаць дзякуй чалавеку, які запісаў мяне ў гэтую паездку, бо спачатку не ўсё гэтаму спрыяла. Я ўпершыню пабываў на такой падзеі, атрымаў шмат станоўчых эмоцый. Я ў поўным задавальненні, а ўражанні, якімі буду дзяліцца з іншымі, застануцца на доўгія гады.

Абноўлена 27.09.2018 15:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця