Арганізатары ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая з 21 па 26 жніўня пройдзе ў Дубліне (Ірландыя) з удзелам папы Францішка, паведамляюць, што ўжо распаўсюджаны ўсе 500 тыс. квіткоў на ўдзел у св. Імшы з Папам на заканчэнне гэтага міжнароднага сусветнага форуму.
Квіткі для ўдзельнікаў Эўхарыстыі на тэрыторыі дублінскага Фенікс-Парку сталі даступныя для браніравання 25 чэрвеня і разышліся ўсяго за два тыдні. Больш за палову ўдзельнікаў літургіі маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Усяго на ІХ Сусветную сустрэчу сем’яў у Ірландыю прыбудуць прадстаўнікі 116 краін свету, у тым ліку Беларусі.
«Няма нічога дзіўнага ў такім неверагодна вялікім інтарэсе: сям’я важная для кожнага з нас. Людзям падабаецца тое, што кажа папа Францішак адносна сям’і і Касцёла», — пракаментаваў ход падрыхтоўкі генеральны сакратар ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў а. Цімаці Барлет.
Святар супакоіў тых, хто не змог атрымаць білет у Фенікс-Парк, запэўніўшы, што літургія будзе трансліравацца ў прамым эфіры, а многія парафіі і дыяцэзіі арганізуюць сустрэчы на месцах такім чынам, што людзі, якія не змогуць асабіста прысутнічаць на св. Імшы з Папам, тым не менш будуць мець магчымасць адчуць сябе ўдзельнікамі гэтай падзеі.
ІХ Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе пад дэвізам «Евангелле сям’і — радасць для свету». 25 жніўня да яе ўдзельнікаў далучыцца Святы Айцец Францішак.
Акрамя сумеснай малітвы з сем’ямі ў межах міжнароднага форуму, у праграме двухдзённага візіту Папы ў Ірландыю запланаваны яго сустрэча з кіраўнікамі дзяржавы і мясцовымі біскупамі, наведанне некалькіх каталіцкіх святыняў у Дубліне і мястэчку Нок, а таксама прыватны візіт у прытулак для бяздомных сем’яў у сталіцы краіны, якім апякуюцца манахі з Ордэна меншых братоў капуцынаў.