25 чэрвеня на Сусветнай сустрэчы сем’яў быў апошні дзень канференцый і дыскусій, які завяршыўся сумеснай Эўхарыстыяй з удзелам Папы Францішка.
Сем’і абмяркоўвалі розныя цяжкасці і абмежаванні, якія перажывае сучасная хрысціянская сям’я. Расчараванне, здрада, недахоп любові і паразумення — гэтыя цяжкія тэмы таксама не засталіся па-за ўвагай удзельнікаў кангрэсу. Але, як сведчылі сем’і, якія прайшлі гэты шлях, адзінае выйсце з тупіка ў такіх умовах — гэта прабачэнне. Узаемнае дараванне, навяртанне, каханне адзін да аднаго, ласка Пана Бога — усё гэта робіць жыццё поўным, набліжае да сапраўднай місіі сям’і.
Галоўная падзея гэтага дня форуму адбылася ўвечары на плошчы Святога Пятра, дзе ўсе удзельнікі сустрэчы сабраліся на супольную Эўхарыстыю з удзелам Папы Францішка.
Цэлебрацыю ўзначыліў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця кардынал Кэвін Фарэл.
Святы Айцец прамовіў гамілію, у якой зазначыў, што Касцёл нарадзіўся з сям’і і складаецца з сем’яў. «Няхай любоў, якая ёсць у сям’і, заўсёды будзе адкрытай для іншых, грэе слабых і параненых», — сказаў Пантыфік.
Сужэнства, заўважыў Папа Францішак, не прымае эгаізму, сужэнства — гэта адважны выбар: кахаць асабу, якую Пан Бог паставіў побач. Індывідуалізм і абыякавасць не павінны быць атрутай для сужэнцаў. Таксама вельмі важная рэч — сувязь паміж пакаленнямі. «Бог любіць маладых, — сказаў Папа Францішак. — Ён не пазбаўляе іх ад цярпення, рызык і выпрабаванняў, але давярае ім, каб рабілі свой выбар на карысць сумлення і любові. Менавіта Слова Бога паказвае бацькам і дзецям шлях да сапраўднага жыцця ў Хрысце», — зазначыў Святы Айцец.
«Прыходзіць хвіліна, калі трэба адкінуць непаразуменні, якія паходзяць з чалавечага сэрца, і з ласкі Езуса падзяліцца ахвярнай любоўю з іншым чалавекам», — падкрэсліў Папа Францішак.
Нагадаем, што з 22 па 26 чэрвеня ў Рыме праходзіла Дзясятая Сусветная сустрэча сем’яў пад дэвізам: «Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці». У сустрэчы ўзяла ўдзел дэлегацыя з Беларусі, у склад якой уваходзяць айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, а таксама сужэнцы Ян і Лілія Кобзікі. Узначальваў беларускую дэлегацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.