Арыгінальную ініцыятыву да візіту Святога Айца ў Латвію прыдумаў «Карытас» гэтай краіны. Ён абвясціў конкурс на... найлепшыя шкарпэткі.
Гаворка ідзе пра звязаную ўручную на спіцах пару цёплых баваўняных шкарпэтак, упрыгожаных традыцыйных латвійскім народным арнаментам. Самыя прыгожыя шкарпэткі ўручаць у падарунак папу Францішку.
Астатнія шкарпэткі, як перадае Vatican News, у якасці гуманітарнай дапамогі паедуць ва Украіну ў раёны, пацярпелыя ад вайны. Разам з гэтым «Карытас» запрашае вернікаў, асабліва ўдзельнікаў конкурсу, маліцца за мір у свеце.
Варта адзначыць, што падарунак у выглядзе аздобленых арнаментам ручной працы шкарпэтак або рукавічак — даўняя традыцыя, вядомая не толькі ў Латвіі, але і ў цэлым сярод народаў Поўначы, дзе холад спадарожнічае людзям большую частку года.
Звязаныя шкарпэткі — знак добразычлівасці і клопату пра чалавека, якому падарунак прызначаны. Конкурсныя работы прымаюцца ў «Карытас» Латвіі да сярэдзіны жніўня.
Нагадаем, што ў верасні 2018 года пройдзе візіт Пантыфіка ў тры Балтыйскія краіны — Латвію, Літву і Эстонію. Зараз у гэтых краінах ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка да гэтай падзеі. Адмыслова створаныя падрыхтоўчыя камітэты цесна супрацоўнічаюць са Святым Пасадам, каб візіт прайшоў як найлепш.