Пошук

25.06.2018 10:59   vaticannews.va

Папа Францішак прыме на аўдыенцыі Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, пасля чаго палітык атрымае тытул ганаровага протаканоніка капітула базылікі св. Яна на Латэране.

Урачыстасць, якую ўзначаліць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, пройдзе 26 чэрвеня у ватыканскім Апостальскім палацы. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу Апостальскай Сталіцы паведамляе vaticannews.va.

Эмануэль Макрон наведае Латэранскі апостальскі палац — рэзідэнцыю Рымскіх Пантыфікаў з IV да пачатку XIV стагоддзя, а таксама ўнутраны дворык базылікі св. Яна на Латэране, дзе ўстаноўлена статуя французскага караля Генрыха IV — першага латэранскага ганаровага протаканоніка.

Традыцыя, якая лучыць базыліку св. Яна на Латэране з французскімі правіцелямі, сягае ў пачатак XIV ст., калі кароль Карл V ахвяраваў значную суму на аздабленне гэтай святыні.
Напрыканцы XVI ст. кароль Генрых IV Наварскі пасля пераходу ў каталіцтва з кальвінізму падарыў капітулу вялікія зямельныя ўладанні.

У якасці падзякі ў дворыку базылікі св. Яна на Латэране была ўстаноўлена яго бронзавая фігура, а самому манарху быў дараваны тытул ганаровага протаканоніка.

Традыцыя прыняцця гэтага тытула французскімі правіцелямі адрадзілася ў сярэдзіне ХХ ст. Ён надаваўся шасці Прэзідэнтам Францыі: Рэнэ Каці, Шарлю дэ Голю, Валеры Жыскару д’Эстэну, Жаку Шыраку і Нікаля Сарказі.

Абноўлена 25.06.2018 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця