4 красавіка, у 50-ю гадавіну забойства Марціна Лютэра Кінга, каталіцкія біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі задаюцца пытаннем адносна таго, што ў наш час неабходна зрабіць «у інтарэсах нашых братоў і сясцёр, якія ўсё яшчэ пакутуюць ад расізму».
Марцін Лютэр Кінг быў забіты 4 красавіка 1968 г. у Мэмфісе (штат Тэнесі), куды ён прыбыў, каб падтрымаць афра-амерыканскіх работнікаў санітарна-гігіенічных службаў, чыя праца эксплуатавалася і належным чынам не аплочвалася. У сваім апошнім выступленні ў вечар перад забойствам Кінг узгадаў пра шматлікія пагрозы ў ягоны бок, адзначыўшы, што хацеў бы жыць доўга, але што самае важнае для яго — выканаць Божую волю.
Праз некалькі дзён пасля смерці Марціна Лютэра Кінга папа Павел VI, які сустракаўся з ім у 1964 г. у Ватыкане, падзяліўся сваім болем, выкліканым забойствам «мірнага хрысціянскага прарока расавай інтэграцыі».
Асоба цёмнаскурага амерыканскага пастара і праваабаронцы натхняе таксама Святога Айца Францішка, які ўзгадаў пра яго ў сваёй гістарычнай прамове ў Кангрэсе ЗША 24 верасня 2015 г., а ў сакавіку гэтага года прыняў на аўдыенцыі Берніс Альбертыну Кінг, малодшую дачку Марціна Лютэра, якая таксама актыўна змагаецца з насіллем і дыскрымінацыяй.
«Разважаючы над жыццём і дзейнасцю вялебнага Марціна Лютэра Кінга, мы павінны задаць сабе пытанне, ці мы робім усё магчымае для пабудовы культуры любові, павагі і міра, да чаго нас заклікае Евангелле.
Якім чынам Бог можа накіраваць нашыя намаганні, каб дапамагчы змяніць сэрцы тых, хто яшчэ выношвае расісцкія думкі або займаецца расісцкай дзейнасцю?»
— пішуць амерыканскія біскупы пасля таго, як нядаўна стала вядома пра новыя выпадкі расавай дыскрымінацыі ў краіне.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Злучаных Штатаў бачыць у жыцці Марціна Лютэра Кінга прыклад негвалтоўнага супраціву, прынцыпамі якога ён кіраваўся ў сваім жыцці і праваабарончай дзейнасці, нягледзячы на пагрозы, кпіны і непрыхільнасць уладаў.
«Наша вера патрабуе ад нас быць мужнымі, рызыкаваць чымсьці сваім дзеля абароны годнасці бліжняга, створанага паводле Божага вобразу.
Папа Францішак часта нагадвае нам пра тое, што мы не павінны заставацца ў баку перад абліччам вялікага зла або крайняй патрэбы, нават калі вакол нас небяспека», — нагадваюць біскупы Злучаных Штатаў. На іх думку, найлепш ушанаваць Марціна Лютэра Кінга і застацца вернымі яго запавету можна «праз паглыбленне нашых намаганняў, скіраваных на выкананне Божай волі, куды б яна нас не прывяла ў справе абароны справядлівасці».