Пошук

03.04.2018 14:26   Паводле: catholicnewsagency.com / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
А. Джозэф Малін SI каля мемарыялу паўстанцам 1916 г. у Дубліне. © 2018 THE IRISH TIMES
А. Джозэф Малін SI каля мемарыялу паўстанцам 1916 г. у Дубліне. © 2018 THE IRISH TIMES

Як паведамляе агенцтва RTE News, 1 красавіка, на світанні велікоднай нядзелі ў доме супольнасці айцоў езуітаў у Ганконгу ва ўзросце 104 гадоў адышоў да Пана а. Джозэф Малін SI. Гэты святар і місіянер быў апошнім з жывых дзяцей лідараў Велікоднага паўстання 1916 г. у Ірландыі.

Узброенае вызваленчае паўстанне выбухнула ў Дубліне адразу пасля Пасхі, раніцай Велікоднага панядзелка, які ў 1916 г. прыпаў на 24 красавіка.

У гэты ж дзень паўстанцы абвясцілі аб утварэнні незалежнай Ірландскай рэспублікі. Брытанскія войскі выкарысталі супраць паўстанцаў артылерыю і да наступнай нядзелі прымусілі іх здацца. Лідары паўстання, у тым ліку і бацька будучага святара Майкл Малін, былі пакараныя смерцю.

Камендант Майкл Малін. © Irish Examiner Ltd
Камендант Майкл Малін. © Irish Examiner Ltd

Перад выкананнем прысуду камендант Майкл Малін сустрэўся ў вязніцы са сваёй жонкай і чатырма дзецьмі, сярод якіх быў і будучы святар. Асуджаны паўстанец не ведаў, што ў той час яго жонка была цяжарная пятым дзіцем.

Жонка Майкла Маліна Агнэс з дзецьмі праз паўгады пасля выканання смяротнага прысуду над яе мужам. © RTÉ 2017
Жонка Майкла Маліна Агнэс з дзецьмі праз паўгады пасля выканання смяротнага прысуду над яе мужам. © RTÉ 2017

Ён перадаў ёй ліст з кароткімі настаўленнямі для дзяцей, у якім, між іншым, пісаў:

«Джозэф, мой маленькі мужчынка, будзь святаром, калі ўдасца».

Сваёй дачцэ Уне ён даў параду стаць законніцай, якую яна таксама пазней выканала, як і яе брат.

Хоць паўстанне першапачаткова не знайшло падтрымкі шырокіх народных масаў, аднак суровае пакаранне яго лідараў абудзіла нацыянальна-рэлігійную самасвядомасць ірландцаў.

Аддаўшы жыццё за незалежнасць Бацькаўшчыны, яе верныя сыны прыпадобніліся да пшанічнага зерня, якое, паміраючы, дало парасткі новага жыцця.

Велікоднае паўстанне падрыхтавала глебу для далейшай барацьбы, якая праз пяць гадоў прывяла да ўтварэння незалежнай ірландскай дзяржавы.

Партрэт Майкла Маліна з тэкстам ліста, перададзенага з вязніцы жонцы і дзецям. Мастак Антун Кнаап. © 2018 Saatchi Art.
Партрэт Майкла Маліна з тэкстам ліста, перададзенага з вязніцы жонцы і дзецям. Мастак Антун Кнаап. © 2018 Saatchi Art.

Святар, які з 1948 г. нёс місіянерскае служэнне ў Ганконгу, у 100-ю гадавіну Велікоднага паўстання атрымаў ганаровую адзнаку Свабоды горада Дубліна, якой былі ўдастоены ўсяго 78 чалавек. Ён адышоў у вечнасць за некалькі гадзін да таго, як у яго на радзіме, у цэнтры сталіцы Ірландыі распачалося памятнае мерапрыемства ў гонар Велікоднага паўстання 1916 г.

Абноўлена 05.04.2018 12:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.