У Трырскай дыяцэзіі аб’явілі, што рыхтуюць сур’ёзную структурную рэарганізацыю. Гаворка ідзе пра скарачэнне колькасці парафій са 172 да 35.
Як піша Catholic Herald, асноўнай прычынай рэарганізацыі стаў рост выдаткаў на ўтрыманне парафій і скарачэнне колькасці парафіянаў.
Рэарганізацыя дыяцэзіяльнай структуры завершыцца да 2020 года. У выніку яе кожная з парафій атрымае аднаго святара і аднаго-двух валанцёраў, якія будуць дапамагаць яму ў пастырскай працы.
На думку біскупа Трырскага Стэфана Акермана, парафіяльная сістэма арганізацыі касцёльнага жыцця сыходзіць у мінулае, таму Касцёл павінен «шукаць новыя мадэлі існавання».
Запланаваныя змены выклікалі незадаволенасць у мясцовых каталіцкіх супольнасцях.
Як у іншых краінах?
Каталіцкі Касцёл у Германіі і суседніх нямецкамоўных краінах усё часцей сутыкаецца з праблемай пастырскага абслугоўвання сваіх парафій.
Так, у 2012 годзе Берлінская архідыяцэзія заявіла, што спрашчае 105 сваіх парафій, аб’ядноўваючы іх у 35 «душпастырскіх акруг». Падобным чынам зрабіла нядаўна і Венская архідыяцэзія, аб’яднаўшы свае 660 парафій у 150 «пастырскіх акруг».
У Люксембургу рэструктурызацыя парафій была найбольш адчувальнай — з 274 парафій засталося толькі 33. Архідыяцэзія Утрэхта (Нідэрланды) плануе скараціць 326 парафій, пакінуўшы толькі 48 «пастырскіх акруг».
Дыяцэзія сёння
На сёння духавенства дыяцэзіі налічвае 1 016 святароў (700 дыяцэзіяльных і 300 законных), 167 дыяканаў, 559 манахаў і 1 785 манахінь.