Пошук

21.02.2024 11:18   КАІ / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская

Ілюстрацыйнае фота / Canva.com

Ватыкан у чарговы раз выказаў скептычнае стаўленне да праекту «сінадальнага шляху» Каталіцкага Касцёла ў Германіі. 

Як паведаміла 18 лютага Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у лісце з Рыма Канферэнцыю біскупаў Германіі (DBK) просяць зняць з парадку перамоваў пленарнай асамблеі ў Аўгсбургу, якая адбудзецца на наступным тыдні, галасаванне аб статутах Сінадальнай камісіі.

«Магу пацвердзіць, што сёння мы атрымалі ліст з Ватыкана. У лісце змяшчаецца просьба да пленарнай асамблеі — таксама ў сувязі з надыходзячымі перамовамі паміж прадстаўнікамі Рымскай Курыі і прадстаўнікамі Канферэнцыі біскупаў Германіі — не галасаваць за статуты Сінадальнай Камісіі», — падзяліўся прэс-сакратар Канферэнцыі нямецкага епіскапату Маціяс Коп у суботу ўвечары на пытанне нямецкага каталіцкага агенцтва KNA.

У сувязі з гэтым біскуп Георг Бэтцынг, Старшыня нямецкага епіскапату, паінфармаваў біскупаў, каб гэты пункт на час быў зняты з парадку перамоваў. «Усё астатняе высветліцца падчас аўгсбургскага пленарнага пасяджэння», — дадаў Коп.

У апошнія гады Ватыкан неаднаразова заяўляў, што Касцёл у Германіі не мае паўнамоцтваў ствараць супольны кіруючы орган, які складаецца са свецкіх і духоўных членаў. Аднак менавіта гэта прадугледжвае працэс рэформы «сінадальнага шляху», які Канферэнцыя Біскупаў і Цэнтральны камітэт нямецкіх католікаў (ZdK) распачалі сумесна ў 2019 годзе.

Створаны ў лістападзе Сінадальны камітэт павінен падрыхтаваць стварэнне т.зв. «Сінадальнай рады». У гэтым органе біскупы і свецкія католікі жадаюць працягваць кансультацыі па пытаннях сексуальнай этыкі, ладу жыцця святароў, улады і яе падзелу, а таксама ролі жанчыны ў Касцёле.

Чатыры нямецкія біскупы выказаліся супраць удзелу ў Камітэце і супраць фінансавання праекта Асацыяцыяй нямецкіх дыяцэзій. Біскупы: Грэгар Марыя Ханкэ з Айхштэта, Стэфан Остэр з Пасаў, Рудольф Вадэрхольцэр з Рэгенсбурга і кёльнскі кардынал Райнэр Марыя Вёлькі адрэагавалі на засцярогі Ватыкана. На думку гэтых іерархаў, нават стварэнне падрыхтоўчай Сінадальнай камісіі супярэчыць указанням Папы Францішка.

Абноўлена 21.02.2024 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця