Пошук

09.03.2018 11:22   Тэкст і фота: Уладзіслаў Валаховіч / Catholic.by

Постсекулярызму і рэлігійнаму плюралізму была прысвечана першая канферэнцыя Еўрапейскага Інстытута рэлігіі, якая прайшла ў Балоньі 5–8 сакавіка.

Еўрапейскі Інстытут рэлігіі быў створаны ў 2017 г. па ініцыятыве Еўрапейскага Парламента на базе Фонду Навук аб рэлігіі імя Яна XXIII у сувязі з новымі выклікамі, з якімі сутыкнулася Еўропа за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў.

Пасля тэракту 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку і цэлай серыі тэрарыстычных актаў у еўрапейскіх гарадах за апошнія некалькі гадоў заходняе грамадства зразумела, што рэлігія па-ранейшаму мае для многіх істотную ролю ў жыцці, бо ўсе гэтыя тэракты былі здзейснены рэлігійнымі экстрэмістамі.

Зусім нечакана для сябе Еўропа сутыкнулася з немагчымасцю секулярнага падыходу да жыцця, радыкальнага выключэння рэлігіі з жыцця людзей, хоць гэта і было адным з вынікаў і лозунгаў Французскай рэвалюцыі, якая так моцна паўплывала на палітыку ва ўсім свеце.

Сёння ўжо ніхто не зможа сказаць, што рэлігія — гэта няважна. За апошнія 10 гадоў людзі зразумелі важнасць дыялогу палітыкі і рэлігіі, аднак ніхто не ведае і пакуль не можа прапанаваць формы для такога дыялогу.

З 2011 года ў ААН нават ёсць спецыяльная камісія па пераадоленні неталерантнасці з-за рэлігійнай прыналежнасці, але гэта мала што змяняе.

Стары кантынент, які стагоддзямі быў апорай хрысціянства, сёння ў выніку актыўных міграцыйных працэсаў фактычна з’яўляецца постхрысціянскім грамадствам, месцам суіснавання не толькі розных хрысціянскіх канфесій, але і розных рэлігій, у першую чаргу ісламу.

Прычыны ісламізацыі Еўропы ляжаць на паверхні — з аднаго боку, гэта хуткае павышэнне ўзроўню жыцця, так званай «якасці жыцця», што робіць еўрапейскія краіны надзвычай прывабнымі для мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу, а з другога боку, гэта звязана са спажывецкім ладам жыцця (кансьюмерызмам), рэзкім зніжэннем патрэбы ў дзецях і, як вынік, хуткім старэннем насельніцтва Еўропы.

Канферэнцыя ў Балоньі прайшла на вельмі высокім навуковым узроўні — сабрала больш за 600 спецыялістаў у галіне тэалогіі, рэлігіязнаўства, сацыялогіі, паліталогіі з розных краін, незалежна ад веравызнання.

Кожны дзень ладзіліся да 50 панэльных дыскусій па розных тэмах — ад пытанняў міжрэлігійнага дыялогу і ісламскага экстрэмізму да трансгуманізму і гендарнай квір-тэорыі.

Не з усімі тэмамі мы, як католікі, можам пагадзіцца, але, відаць, гэта і было задачай арганізатараў — прадставіць рэлігійны плюралізм у максімальна шырокім спектры, бо, па словах Жан-Поля Пасэля, адказнага за міжрэлігійны дыялог у Францыі, «няведанне з’яўляецца асновай для неталерантнасці».

Абноўлена 09.03.2018 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця