З 28 лютага па 3 сакавіка ў сталіцы Албаніі Тыране праходзіў сход дэлегатаў, адказных за пакліканні пры Канферэнцыях Каталіцкіх Біскупаў Еўропы.
Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў кангрэсу з 17 еўрапейскіх краінаў, якія ў гэтыя дні сабраліся ў сталіцы Албаніі па запрашэнні біскупа Лежы Атавіё Вітале, засяродзіліся на прыгажосці хрысціянскага паклікання. Іх сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі да Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», які ў кастрычніку гэтага года пройдзе ў Рыме.
Падчас абмену думкамі на пленарных паседжаннях і ў працоўных групах дэлегаты мелі магчымасць яшчэ раз пераканацца ў багацці вопыту, напрацаванага разнастайнымі касцёльнымі структурамі ў сферы душпастырства пакліканняў, каб належным чынам адказаць на выклікі свету, які няспынна змяняецца. Разам з «традыцыцыйнымі» формамі душпастырства пакліканняў (малітоўныя сустрэчы, эўхарыстычная адарацыя, фармацыйныя летнікі, валанцёрская праца) шырока выкарыстоўваюцца і новыя (відэа, групы ў сацыяльных сетках і г.д.). Усе яны маюць адну мэту — паказаць прыгажосць паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця.
«Бог для кожнага мае план жыцця! Сёння, як і раней, Хрыстус кліча мужчын і жанчын адгукнуцца на сваё асабістае Божае пакліканне».
Як адзначыў біскуп Оскар Кантоні, адказны за секцыю «EVS-Пакліканні» камісіі па справах моладзі Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, створанай на пленарным пасяджэнні РКБЕ, якое адбылося ў 2017 г. у Мінску, «у душпастырстве пакліканняў мы не пачынаем з нуля, а маем дастаткова распрацаванае настаўніцтва Касцёла — плён багатага абмену вопытам у гэтай справе, назапашаным у розных еўрапейскіх краінах, таксама ў святле важнага дакумента, выдадзенага 20 гадоў таму: In Verbo tuo».
Менавіта на падставе гэтага ватыканскага дакумента а. Амедэо Чэнчыні, выкладчык Салезіянскага ўніверсітэта і Інстытута псіхалогіі Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, даў аналіз становішча пакліканняў у Еўропе. Прадстаўленыя ім даныя сведчаць пра тое, што сёння было б некарэктна казаць пра крызіс пакліканняў у Еўропе, хоць сапраўды ў гэтай сферы назіраецца негатыўная тэндэнцыя як наступства распаўсюджанай ідэалогіі секулярызму. Яна закранае перадусім пакліканні, якія прынята лічыць «класічнымі»: святарства і кансэкраванае жыццё. Аднак разам з тым з’яўляюцца прыкметы як няспыннай плённасці гэтых пакліканняў, так і новых формаў кансэкраванага жыцця, якія сапраўды пашыраюць разуменне паклікання, кансэкрацыі і служэння.
Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на неабходнасць узаемасувязі паміж душпастырствам пакліканняў і іншымі сферамі душпастырства, асабліва душпастырствам моладзі.
Дэлегаты таксама адзначылі ўсё больш глыбокае ўсведамленне таго, што за душпастырства пакліканняў нясе адказнасць уся хрысціянская супольнасць, а перадусім сям’я.
На кангрэсе былі абраныя намеснікі каардынатара секцыі «EVS-Пакліканні» пры камісіі РКБЕ: кс. Мікеле Джанола (Італія) і кс. Філіп Акур (Бельгія), якія разам з яе каардынатарам кс. Эмілем Парафінюком з Польшчы будуць накіроўваць яе дзейнасць на працягу бліжэйшага года.