Пошук

01.03.2018 20:06   Паводле: ccee.eu / Catholic.by

З 28 лютага па 3 сакавіка ў сталіцы Албаніі Тыране праходзіць кангрэс, прысвечаны пакліканням, у якім бяруць удзел адказныя за пакліканні пры Канферэнцыях Каталіцкіх Біскупаў Еўропы.

Кангрэс прысвечаны 20-годдзю дакумента In verbo tuo («У Тваім слове») і падрыхтоўцы да Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», які ў кастрычніку гэтага года пройдзе ў Рыме. Напярэдадні кангрэсу ў албанскай сталіцы адбылося першае пасяджэнне камісіі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы па справах моладзі, створанай на апошнім пленарным пасяджэнні РКБЕ, якое праходзіла ў Мінску з 27 верасня па 1 кастрычніка 2017 г.

Кангрэс, скліканы секцыяй «EVS-Пакліканні» пры камісіі РКБЕ па справах моладзі, з’яўляецца чарговым крокам на шляху падрыхтоўкі да сёлетняга Сіноду Біскупаў.

У Тыране дэлегаты еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый абмяркоўваюць магчымасці аднаўлення душпастырства пакліканняў праз 20 гадоў пасля публікацыі дакумента In Verbo Tuo, які быў падрыхтаваны Папскай ініцыятывай на карысць пакліканняў у Касцёле (Pontificia Opera per le Vocazioni Ecclesiastiche) з удзелам Кангрэгацый Каталіцкай Адукацыі, па справах Усходніх Касцёлаў, а таксама па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця напярэдадні Еўрапейскага кангрэсу, прысвечанага пакліканням да святарства і кансэкраванага жыцця ў Еўропе, што праходзіў у Рыме з 5 па 10 мая 1997 года.

Праца кангрэсу ў Тыране ўключае ў сябе крытычнае прачытанне дакумента дзеля выяўлення ў ім таго, што і сёння застаецца актуальным, а таксама таго, што варта змяніць.

Удзельнікі сходу разважаюць над асаблівасцямі распазнання пакліканняў: паклікання да святарства і паклікання да кансэкраванага жыцця.

Іх праца праходзіць як на пленарных пасяджэннях, так і ў групах дзеля таго, каб зрабіць магчымым абмен вопытам. Шмат увагі прысвячаецца разгляду дзейнасці і праектаў, якія рэалізуюцца рознымі Канферэнцыямі Біскупаў у сферы распазнання пакліканняў і падтрымкі моладзі на гэтым шляху.

Падчас кангрэсу яго ўдзельнікі як пілігрымы наведаюць Нацыянальны санктуарый Маці Добрай Рады, Апякункі Албаніі, у Шкодэры. Там яны пабываюць таксама ў музеі — былой вязніцы камуністычнай службы бяспекі «Сігурымі», у якую бязбожны албанскі рэжым Ходжы ператварыў кляштар кларысак. Жыццё 38 албанскіх мучанікаў, якое яны аддалі за веру, — гэта прыклад паклікання, пражытага ў паўнаце, што натхняе новыя пакаленні пакліканых да служэння Богу ў Яго Касцёле.

Абноўлена 02.03.2018 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа