26 лютага стала вядома пра беспрэцэдэнтнае рашэнне прадстаўнікоў трох канфесій, якія апякуюцца базылікай Гробу Пана ў Іерусліме, часова зачыніць святыню для публічнага наведвання ў знак пратэсту супраць абмежавання права ўласнасці Касцёла і Цэркваў на нерухомасць на Святой Зямлі.
Кусташ Святой Зямлі айцец Франчэско Патон, грэцкі праваслаўны Патрыярх Тэафілас ІІІ і армянскі Патрыярх Нуран Манугян напісалі ліст, у якім паведамляюць пра «сістэматычны і беспрэцэдэнтны наступ, скіраваны супраць хрысціянаў на Святой Зямлі».
Гарадскія ўлады Іерусаліма патрабуюць каля 151 мільёна еўра падаткаў з 886 аб’ектаў уласнасці Касцёла і Цэркваў, а таксама структур ААН, такіх, як Агенцтва па дапамозе палесцінскім бежанцам, і ўжо збіраюцца накласці арышт на разліковыя рахункі рэлігійных арганізацый для пагашэння запазычанасці па падатках. Як паведамляюць прадстаўнікі Касцёла і іншых хрысціянскіх Цэркваў, у першую чаргу ад гэтага пацерпяць «бедныя сем’і, якія застануцца без ежы і без даху над галавой, а таксама дзеці, якія не змогуць хадзіць у школу».
«Гэтая сістэматычная агрэсіўная кампанія перайшла ўсе межы пасля таго, як гарадскія ўлады Іерусаліма выставілі скандальныя патрабаванні аплаты, пагражаючы арыштаваць сродкі, маёмасць і разліковыя рахункі Касцёла для пагашэння выдуманых падаткаў і пені па іх», — гаворыцца ў лісце. Такі падыход ізраільскіх уладаў «парушае дзеючыя дамоўленасці і міжнародныя абавязацельствы, якія гарантуюць правы і прывілеі Касцёла і Цэркваў, што выглядае як спроба аслабіць хрысціянскую прысутнасць у Іерусаліме».
Між тым спрэчны законапраект будзе разгледжаны Кнэсетам на наступным тыдні, і ў выпадку яго прыняцця «стане магчымым забіраць зямлю з уласнасці Касцёла і Цэркваў».
«Гэта нагадвае нам падобныя законы, якія выдаваліся супраць яўрэяў у змрочныя перыяды еўрапейскай гісторыі».
«Калі ўжо занадта, то занадта: хопіць пераследаваць Касцёл і Цэрквы», — напісана на транспаранце перад базылікай Гробу Пана, у якой працягваюцца літургіі і іншыя набажэнствы, але без удзелу вернікаў.
Патрабаванне да гарадскіх уладаў сфармулявана наступным чынам: «Адмяніць пастанову і захаваць статус-кво, асвячаны гісторыяй, а таксама не парушаць характар Святога Горада Іерусаліма. Мы непахісныя і з’яднаныя ў імкненні адстойваць нашу прысутнасць і прыярытэт», — сказана ў лісце.
У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кусташ Святой Зямлі айцец Франчэско Патон адзначыў: «Мы не маем намеру варагаваць з Дзяржавай Ізраіль, у нас выдатныя адносіны і ва ўсіх сітуацыях мы імкнемся да супрацоўніцтва», але «былі распачаты пэўныя дзеянні, якія парушаюць нашыя правы <…>. Калі ў нас атрымаецца сабрацца за адным сталом і сур’ёзна гэта абмеркаваць, мы будзем радыя магчымасці зрабіць гэта разам. Не як асобныя супольнасці, але ўсе разам як хрысціянскія супольнасці-саўдзельніцы».
Айцец Франчэско Патон кажа пра дзве праблемы, якія неабходна вырашыць: «Пытанне аплаты падаткаў з касцёльных будынкаў са зваротнай сілай — гэта патрабаванне, якое не ўлічвае той факт, што мы працуем не для прыбытку, а ў тым ліку для арганізацыі сацыяльнага служэння, якое, між іншым, аблягчае заданне тых жа гарадскіх уладаў. Адносна нашага балансу: калі атрымліваецца скончыць год без стратаў, гэта ўжо добры вынік. Другое пытанне датычыцца законапраекту, які мы лічым дыскрымінацыйным у тым, як у ім прапануецца рэгуляваць права ўласнасці, арэнды і здзелак толькі адносна касцёльных земляў».
На пытанне, якое сёння хвалюе вернікаў і пілігрымаў, калі ж святыня Гробу Пана зноў будзе адчынена, кусташ адказвае: «Відавочна, што немагчыма зачыніць яе назаўсёды. Але я ўпэўнены, што гэтая нязручнасць прымусіць задумацца».