Пошук

12.02.2018 16:16   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: AFP or licensors / Catholic.by

 

Падчас малітвы «Анёл Панскі», якую папа Францішак узначаліў на плошчы святога Пятра 11 лютага, у Сусветны дзень хворых, ён казаў пра тое, што хвароба не аддаляе ад Бога і не робіць чалавека нячыстым, а таксама скіраваў хворым словы падтрымкі і зарэгістраваўся ў якасці ўдзельніка на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у студзені наступнага году ў Панаме.

У Евангеллі VІ Звычайнай нядзелі гаворка ішла пра аздараўленне Езусам пракажонага. Як адзначыў напачатку Святы Айцец, евангельскія тэксты гэтай і папярэдніх нядзель паказваюць Езуса, які аздараўляе ад усялякіх хваробаў.

«У гэтым кантэксце выдатна змяшчаецца Сусветны дзень хворых, які прыпадае менавіта сёння, 11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда. Таму позіркам, скіраваным у бок Масаб’ельскай пячоры, будзем сузіраць Езуса як сапраўднага Лекара целаў і душаў, якога Бог Айцец паслаў у свет, каб ацаліць усё чалавецтва, забруджанае грахом і яго наступствамі».

Папа асабліва падкрэсліў, што праказа ў Старым Запавеце лічылася вялікай нячыстасцю і была звязана з выдаленнем пракажонага з грамадства і што свядомасць тых часоў прымушала яго адчуваць сябе нячыстым таксама перад Богам, а не толькі перад людзьмі.

«Самае незвычайнае тут тое, што Езус дакранаецца да пракажонага, бо гэта было катэгарычна забаронена законам Майсея. Дакрануцца да пракажонага азначала заразіцца ад яго таксама ўнутрана, духоўна; азначала стаць нячыстым. Але ў гэтым выпадку не пракажоны ўздзейнічае на Езуса, перадаючы Яму заразу, а Езус на пракажонага, даючы яму ачышчэнне».

У гэтым аздараўленні, акрамя спачування і міласэрнасці, выклікае захапленне таксама мужнасць Езуса, які не баіцца ні заразы, ані прадпісанняў. Збаўца дзейнічае толькі пад уплывам жадання вызваліць чалавека ад праклёну, што яго прыгнятае.

«Браты і сёстры, ніякая хвароба не робіць нячыстым: вядома, хвароба ахоплівае чалавека цалкам, але ніякім чынам не разрывае і не перашкаджае яго сувязі з Богам. Больш за тое, хворы чалавек можа быць яшчэ больш з’яднаны з Богам».

Разам з тым наступнік Пятра нагадаў, што нячыстымі робіць людзей грэх: эгаізм, пыха, распуснае і прадажнае жыццё, якія ён назваў хваробамі сэрца, ад якіх неабходна ачысціцца. І тут жа Папа заклікаў усіх удзельнікаў малітвы падумаць пра сваё сэрца, зазірнуўшы ў сябе, каб убачыць сваю нячыстасць, і ў маўчанні папрасіць Езуса словамі пракажонага: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

«І кожны раз, калі мы прыступаем да сакрамэнту паяднання са скрушаным сэрцам, Пан паўтарае таксама і нам: "Хачу, будзь ачышчаны". Якая ж у гэтым вялікая радасць! Так знікае праказа граху, і мы зноў можам з радасцю жыць у сыноўскіх адносінах з Богам, можам у поўнай меры вярнуцца ў супольнасць».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік нагадаў, што ўжо можна запісвацца для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі, якія пройдуць у Панаме ў студзені 2019 г. Падаўшы прыклад, папа Францішак тут жа адным з першых праз інтэрнэт зарэгістраваўся ў якасці пілігрыма на Сусветныя дні моладзі.

«Я запрашаю ўсіх маладых людзей свету перажыць з верай і энтузіязмам гэтую падзею ласкі і братэрства: або едучы ў Панаму, або беручы ўдзел у сваіх супольнасцях».

Пасля гэтага Святы Айцец павіншаваў усіх, хто 15 лютага адзначае Новы год па месяцавым календары, і заклікаў маліцца аб дары міру, а таксама скіраваў словы падтрымкі і суцяшэння ўсім хворым:

«Сёння мае думкі асаблівым чынам скіроўваюцца да хворых, якія ў розных краінах свету, акрамя праблем са здароўем, часта пакутуюць таксама ад самотнасці і непатрэбнасці. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Salus infirmorum — Аздараўленне хворых, дапаможа кожнаму атрымаць умацаванне для цела і душы дзякуючы належнай медыцынскай дапамозе і братняй любові, здольнай на канкрэтную ўвагу і салідарнасць».

Абноўлена 13.02.2018 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.