Каталіцкі Касцёл у Карэі забяспечыць душпастырскай апекай удзельнікаў Зімовых Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Пхёнчхане з 9 па 25 лютага. Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду прывітаў арганізатараў і ўдзельнікаў гульняў, на якіх выступяць прадстаўнікі 92 краін свету, і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.
Звяртаючыся да алімпійцаў, Святы Айцец сказаў:
«Традыцыйнае алімпійскае перамір’е сёлета мае асаблівую важнасць: дэлегацыі абедзвюх Карэй выступяць разам, пад адным сцягам, і будуць спаборнічаць як адна каманда.
Гэта дазваляе спадзявацца на такі свет, у якім канфлікты вырашаюцца мірным шляхам, у дыялогу і ўзаемапавазе, так, як і спорт вучыць гэта рабіць.
Я скіроўваю маё прывітанне Міжнароднаму Алімпійскаму Камітэту, алімпійцам і алімпійкам, якія выступяць на гульнях у Пхёнчхане, уладам і народу Карэйскага паўвострава. Усіх я суправаджаю малітваю, а таксама запэўніваю ў намаганнях Святога Пасаду, скіраваных на падтрымку кожнай ініцыятывы на карысць міру і адкрытасці паміж народамі.
Няхай гэтыя Алімпійскія гульні стануць вялікім святам сяброўства і спорту! Няхай Бог вас благаслаўляе і ахоўвае!»
З мэтай забяспечыць належную душпастырскую апеку падчас алімпіяды ў алімпійскай вёсцы пастаянна будзе знаходзіцца святар Фрэнсіс Лім Ю-джун (Francis Lim Eui-june), адказны за душпастырства моладзі Сеульскай архідыяцэзіі.
Да душпастырскай апекі падчас гульняў далучацца таксама святары Чхунчхонскай дыяцэзіі, на тэрыторыі якой знаходзяцца алімпійскія аб’екты ў Пхёнчхане і Канныне. У парафіях, якія знаходзяцца непадалёк ад гэтых аб’ектаў, будуць раздаваць улёткі на англійскай мове з раскладам святых Імшаў, а таксама ўлеткі на васьмі мовах з інфармацыяй пра Каталіцкі Касцёл у Карэі, падрыхтаваныя мясцовым епіскапатам.
Ужо ў 2014 г., як толькі было абвешчана, што ў 2018 г. зімовая алімпіяда адбудзецца ў Пхёнчхане, ардынарый Чхунчхонскай дыяцэзіі біскуп Лукас Кім Ун-хо (Lucas Kim Un-hoe) заклікаў вернікаў прыняць удзел у гэтай важнай для ўсяго свету спартыўнай падзеі. У 2016 г. у дыяцэзіі распачалася малітва аб тым, каб гэтыя Алімпійскія гульні прайшлі паспяхова. У малітве вернікаў падчас нядзельных святых Імшаў гучала просьба аб тым, каб гэтае свята спорту перажывалася ў духу сумленнага спаборніцтва і спрыяла ўсталяванню міру ў свеце.