Пошук

06.02.2018 14:04   Паводле: Рабэрта Джызоцці – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Міжнародны Дзень бяспекі ў Інтэрнэце (Safer Internet Day) праводзіцца ўжо ў 15-ы раз. Сёлета яго тэма — «Ствараць, падтрымліваць падзяляць павагу: лепшае сеціва пачынаецца з цябе».

Дзень бяспекі ў Інтэрнэце — гэта ініцыятыва Еўрапейскага Саюза, скіраваная перадусім на абарону дзяцей і падлеткаў ад небяспекаў, якія пагражаюць ім у віртуальнай прасторы. Ініцыятыву падтрымала вялікая колькасць удзельнікаў — арганізацый, фірм, навучальных устаноў і г.д. — з больш чым 100 краін.

Вынікамі досведу працы ў гэтай сферы падзяліўся з італьянскай рэдакцыяй Ватыканскага радыё дзіцячы нейрапсіхолаг Эрнэсто Кафо, заснавальнік і кіраўнік італьянскай няўрадавай арганізацыі Telefono Azzurro (Блакітны тэлефон), якая ўжо 30 гадоў займаецца абаронай дзяцей і падлеткаў ад выкарыстання і злоўжыванняў.

Спецыяліст адзначае, што сёння дзеці часам лепш за дарослых усведамляюць сабе рэальныя рызыкі, якія падсцерагаюць іх у віртуальнай прасторы. Такім чынам, на думку доктара Кафо, існуе неабходнасць у належнай адукацыі дарослых і ў прыняцці канкрэтных мераў, у тым ліку і тэхнічных, дзеля абароны наймалодшых карыстальнікаў сеціва ад матэрыялаў, якія з’яўляюцца вельмі «атрутнымі».

«Дарослым таксама варта лепш пазнаёміцца з магчымасцямі Інтэрнэту, каб дапамагчы і дзецям зрабіць гэта належным чынам.

З другога боку, яны павінны падаваць дзецям прыклад і не сядзець без патрэбы гадзінамі перад камп’ютарам ці са смартфонам так, як быццам гэта не ўплывае на штодзённае жыццё, у тым ліку і сямейнае.

Я лічу, што мы абавязаны праводзіць адукацыю таксама ў сферы віртуальнай прасторы ў сям’і: гэта заданне, якое павінна асабліва моцна прагучаць падчас сёлетняга Дня бяспекі ў Інтэрнэце», — падкрэсліў Эрнэсто Кафо.

Сярод галоўных небяспекаў, якія сёння пагражаюць дзецям у сеціве, спецыяліст назваў фармаванне ў іх няправільных уяўленняў і адносінаў у сексуальнай сферы, выкарыстанне праз уцягванне ў амаральныя дзеянні, насілле праз пагрозы і цкаванне (булінг) у сацыяльных сетках, праз правакаванне да паводзін, небяспечных для іх жыцця і здароўя, уцягванне ў азартныя анлайн-гульні.

Супольны клопат бацькоў, дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў пра маладое пакаленне патрабуе неадкладных сумесных дзеянняў, каб абараніць дзяцей і падлеткаў ад гэтых і іншых небяспекаў, якія пагражаюць ім у віртуальнай прасторы і з кожным днём усё больш тэхнічна ўдасканальваюцца.

Абноўлена 06.02.2018 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.