Пошук

17.06.2024 07:17   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Planetabelarus.by

З чэрвеня ў сеціве даступная новаствораная старонка парафіі святога Казіміра ў Лепелі (Віцебская дыяцэзія).

Праект рэалізуе ініцыятыўная група вернікаў на чале з пробашчам лепельскай парафіі ксяндзом Уладзімірам Заянчкоўскім.

На галоўнай старонцы перадусім можна знайсці расклад святых Імшаў у лепельскай святыні на бягучы тыдзень, парафіяльныя аб’явы, невялікі відэакліп са святой Імшы ў Лепелі з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, а таксама некалькі фотагалерэй.

Адна з іх прысвечана гораду Лепелю — папулярнаму ў нашай краіне месцу адпачынку з маляўнічымі азёрнымі краявідамі і цудоўна захаванай прыродай, наступныя — святой Імшы, касцёлу святога Казіміра і музею, што дзейнічае пры ім, пробашчу парафіі ксяндзу Уладзіміру і самым маленькім тутэйшым вернікам.

Сайт знаёміць гісторыяй лепельскай каталіцкая супольнасці, што налічвае ўжо больш за 400 гадоў, з навінамі парафіі, а таксама з рухамі, што сёння пры ёй дзейнічаюць. Тут таксама можна даведацца пра шматлікія рэліквіі святых, якія захоўваюцца і ўшаноўваюцца ў святыні.

Дарэчы, як паведамляецца на сайце, на працягу ўсяго тыдня, з 17 па 23 чэрвеня, касцёл святога Казіміра ў Лепелі будзе адчынены з 9-й да 17-й гадзіны для ўсіх наведвальнікаў любых веравызнанняў і проста зацікаўленых асобаў.

Інфармацыя сайту будзе карыснай для ўсіх мясцовых вернікаў, католікаў, якія едуць сюды на адпачынак, а таксама для тых, хто цікавіцца рэлігійным жыццём і шукае свой шлях да Бога.

Абноўлена 17.06.2024 10:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа