Пошук


Папа Францішак прыняў 5 лютага ў ватыканскім Апостальскім палацы прэзідэнта Турцыі.

Пасля папскай аўдыенцыі Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэўся з кардыналам П'етро Паралінам, Дзяржсакратаром Папы Рымскага, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Гаворка ішла пра двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Турцыяй, аб сітуацыі ў краіне, становішчы каталіцкай супольнасці; высілках, накіраваных на прыняцце бежанцаў, і выкліках, звязаных з гэтай праблемай.

Бакі абмяркоўвалі таксама сітуацыю на Блізкім Усходзе, з асаблівай увагай да статусу Іерусаліма, адзначаючы патрэбу ў спрыянні міру і стабільнасці ў рэгіёне праз дыялог і перамовы, з павагай да правоў чалавека і міжнароднага права, паведаміла прэс-служба Святога Пасаду.

Аўдыенцыя працягвалася каля 50 хвілін. Святы Айцец падарыў турэцкаму лідару гравюру з выявай базылікі св. Пятра, асобнік сваёй энцыклікі Laudato si’ і паслання на Сусветны дзень міру, а таксама памятны медаль, патлумачыўшы, што на ім змешчана «выява анёла міру, які перамагае дэмана вайны, што з’яўляецца сімвалам свету, заснаванага на супакоі і справядлівасці».

Рэджэп Эрдаган у сваю чаргу ўручыў папу Францішку плітачную керамічную кампазіцыю з выявай Стамбула, а таксама кнігі персідскага мусульманскага тэолага і паэта Маўлана Джалала ад-Дзіна Мухамада Румі на італьянскай мове.

Візіт турэцкага лідара насіў гістарычны характар. Апошні раз Пантыфік прымаў кіраўніка гэтай дзяржавы ў Ватыкане ў 1959 г.: гэта была сустрэча Яна ХХІІІ з Махмудам Джэлялем Баярам.

На хвалі напружанасці на Блізкім Усходзе, пасля прызнання Дональдам Трампам Іерусаліма ў якасці сталіцы Ізраіля, паміж папам Францішкам і прэзідэнтам Эрдаганам адбылося некалькі тэлефонных размоў.

У каментары для журналістаў турэцкі лідар выказаў падзяку Пантыфіку за пазіцыю па гэтым пытанні, якое заключаецца ў неабходнасці захавання актуальнага статусу Святога горада.

Абноўлена 05.02.2018 20:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.