Ірландскі экзарцыст кс. Патрык Коллінз заявіў пра павелічэнне колькасці меркаваных «дзеянняў злога духа» ў яго краіне. У інтэрв’ю газеце «Айрыш пост» (The Irish Post) святар паведаміў, што ў апошні час патрэба ў ягоных паслугах «амаль зашкальвае».
У сваім адкрытым лісце, адрасаваным ірландскаму епіскапату, кс. Патрык звярнуўся да біскупаў з заклікам падрыхтаваць большую колькасць духоўных асобаў, якія будуць займацца экзарцызмам. Пад гэтай практыкай Касцёл разумее просьбу да Бога аб вызваленні чалавека з моцы зла. Прыклад такога дзеяння — выгнанне злых духаў Езусам.
Усё больш людзей верыць, «абгрунтавана ці не, што яны апантаныя злым духам», сказаў ірландскі экзарцыст.
Як паведамляецца ў газеце, зацверджанае Апостальскім Пасадам Міжнароднае аб’яднанне экзарцыстаў (IAE) ужо ў 2014 г. інфармавала пра значнае павелічэнне колькасці экзарцызмаў у свеце.