На Божае Нараджэнне японскае нацыянальнае тэлебачанне пачало трансляваць абноўленую версію мультсерыяла «Суперкніга». Пра гэта паведамляе CBN News.
Тэлевізійны хрысціянскі анімацыйны серыял «Суперкніга» вытворчасці кампаніі Tatsunoko Productions сумесна з амерыканскай Хрысціянскай вяшчальнай сеткай (CBN) упершыню выйшаў на экраны Японіі ў 1981 годзе.
Тады серыял трансляваўся па тэлебачанні ў прайм-тайм.
Серыял уяўляе сабой хроніку падзей са Старога і Новага Запавету ў 52 эпізодах. Ён распавядае пра двух дапытлівых дзяцей, якія выпадкова знаходзяць старажытную Кнігу, што адчыняе перад імі дзверы ў свет прыгодаў.
Суперкніга — Кніга кніг — пераносіць Крыстафера, Джой і іх цацку Робіка праз стагоддзі ў гушчыню біблейскіх падзей.
У серыях гэтага хрысціянскага мультфільма яны сустракаюцца з Адамам і Евай, Самсонам, Давідам. Разам з Майсеем яны праходзяць праз Чырвонае мора, вада якога расступаецца; наведваюць Дзіцятка Езуса ў Бэтлеемскай стаенцы і ўдзельнічаюць у многіх іншых прыгодах.
Абноўлены мультсерыял складаецца з двух сезонаў. Галоўнае іх адрозненне ў тым, што ў другім сезоне паміж героямі сучаснасці і біблейскімі персанажамі мінімальная ўзаемасувязь і кожны эпізод — гэта прамая экранізацыя біблейскіх падзей.
З гісторыі мультфільма ў Японіі
Адзначаецца, што за 30 гадоў свайго існавання мультфільм «Суперкніга» выходзіў на экранах больш чым у 106 краінах свету і быў перакладзены на 43 мовы. Яго паглядзелі больш за 500 мільёнаў гледачоў.
Японцы перасталі трансляваць гэты серыял у 1980-х, аднак цяпер «Суперкніга» вярнулася.
Японскі хрысціянін Чарлі Тамай расказаў, як быў усхваляваны тым, што праз столькі часу зноў зможа глядзець серыял.
«Я глядзеў „Суперкнігу“ яшчэ дзіцём. А на наступны дзень мы абмяркоўвалі кожную серыю ў школе. У той час гэта было сапраўды неверагодна. Усе дзеці ведалі пра Біблію дзякуючы тым трансляцыям. Выдатна, што серыял зноў ідзе па ТБ», — цытуе Тамая CBN News.
Абноўлены серыял пабудзіў мясцовыя цэрквы ажывіць службы для дзяцей.
«Думаю, серыял дазволіў дзецям па-новаму паглядзець на Каляды. Бо яны нічога не ведалі пра Езуса. Яны нават не ведалі, што Хрыстус — неад’емная частка Калядаў. Гэты мультфільм расказаў ім пра сапраўдны сэнс свята зразумелай ім мовай», — расказала парталу місіянерка Джэнні О.
У 1982 годзе японская кампанія Tatsunoko Productions выпусціла мультфільм «Дом, які лётае». Яго герой — таленавіты, але рассеяны прафесар Хамфры Бамбл — вынаходзіць машыну часу, дзякуючы якой невялікі домік у лесе становіцца міжчасавым караблём.
Разам з трыма дзецьмі і сваім робатам ён адпраўляецца ў мінулае, дзе становіцца сведкам падзей, апісаных у Новым Запавеце.
У адрозненне ад «Суперкнігі», «Дом, які лётае» расказвае не толькі біблейскія гісторыі, але і яшчэ глыбей знаёміць з жыццём Езуса Хрыста. Яшчэ адным японскім анімацыйным серыялам, прысвечаным біблейскім падзеям, стаў «У пачатку: Біблейскія гісторыі», зняты ў 1997 годзе.