У цэнтры разважанняў каталіцкіх журналістаў у Дні святога Францішка Сальскага, якія з удзелам Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала П’етро Параліна пройдуць у Люрдзе (Францыя), будзе праўда.
Дні, прысвечаныя каталіцкім сродкам масавай інфармацыі, прымеркаваныя да ўспаміну апекуна журналістаў св. Францішка Сальскага, пройдуць з 24 па 26 студзеня ў санктуарыі ў Люрдзе. Гэтая традыцыйная міжнародная сустрэча прадстаўнікоў каталіцкай прэсы, арганізаваная па ініцыятыве Сакратарыяту па камунікацыі і Французскай асацыяцыі каталіцкіх СМІ, якая пройдзе ўжо ў 22-і раз, сёлета прысвечана тэме «СМІ і праўда». 26 студзеня ў пячоры аб’яўленняў Панны Марыі адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць кард. П’етро Паралін.
На заканчэнне цэлебрацыі будзе ўручана «Прэмія айца Жака Амэля», устаноўленая ў памяць французскага святара, які загінуў ад рук ісламскіх фундаменталістаў 26 ліпеня 2016 г. у той час, калі складаў Эўхарыстычную ахвяру ў касцёле ў Руане. На цырымоніі будзе прысутнічаць сястра святара Розэлін Амэль.
У сустрэчы прымуць удзел супрацоўнікі СМІ з усяго свету, каб разам паразважаць над філасофскімі, тэалагічнымі, палітычнымі і прафесійнымі журналісцкімі аспектамі праўды ў святле словаў папы Францішка, які запрашае СМІ ва ўсіх іхніх формах быць канструктыўнымі і служыць праўдзе.