Пошук

20.01.2018 16:45   Паводле: Алессандро Джызоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / Крыс Буронкль / AFP / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Працягваецца 22-ое Апостальскае падарожжа Папы Францішка, які ў Перу сустрэўся з прадстаўнікамі карэнных народнасцяў Амазоніі і заклікаў шанаваць і абараняць стварэнне. З вялікім энтузіязмам мясцовае насельніцтва вітала Святога Айца як першага Пантыфіка, які наведаў гэтую незвычайную частку свету.

Вельмі цёплая сустрэча адбылася ў папы Францішка з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі ў палацы спорту перуанскага горада Пуэрта-Мальданада, дзе сабралося каля 4 тыс. удзельнікаў. Твары, касцюмы, спевы і танцы мясцовага насельніцтва — гэта сведчанне незвычайнай культуры, непарыўна звязанай з прыгажосцю навакольнай прыроды, ад якой аж займае дух. На жаль, усё гэта цяпер знаходзіцца пад пагрозай.

«Папа Францішак, абарані нас!» — настойлівы крык Есікі, прадстаўніцы народнасці харакбут (Harakbut), якая дала сведчанне тых драматычных умоў, у якіх жывуць карэнныя народы Амазоніі з-за забруджвання навакольнага асяроддзя і знішчальнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў рэгіёна.

У адказ Папа даў прадстаўнікам мясцовых народнасцяў сваю энцыкліку Laudato si’, сімвалічна перакладзеную на іх мовы. Святы Айцец таксама звярнуўся да прысутных з працяглай і эмацыйнай прамовай. Перадусім ён аддаў хвалу Пану за «цудоўнае стварэнне народаў Амазоніі і за ўсё тое багацце жывых відаў, якое мае гэтая зямля». Ён гэта зрабіў словамі святога Францішка, якія таксама далі назву згаданай энцыкліцы, прысвечанай ахове навакольнага асяроддзя: Laudato si’, mi’ Signore — «Будзь праслаўлены, мой Пане». Разам з тым Папа з болем адзначыў, што «карэнныя народы Амазоніі на сваёй зямлі яшчэ ніколі не былі ў такім небяспечным сановішчы, як сёння».

«Мы павінны разбурыць гістарычны стэрэатып уяўленняў пра Амазонію як пра невычэрпны „склад“ для краінаў, дзе можна не лічыцца з яе жыхарамі. Я ўпэўнены, што патрэбныя неадкладныя намаганні, каб стварыць інстытуцыянальную прастору пашаны, прызнання і дыялогу з карэннымі народамі».

Кажучы пра пакуты народаў Амазоніі, Святы Айцец сцвердзіў, што Касцёл ніколі не павінен перастаць «узносіць голас у абарону адкінутых і тых, хто пакутуе». Гэтыя народы, на думку Папы, вучаць нас, «што мы не з’яўляемся абсалютнымі гаспадарамі стварэння». Пантыфік перасцярог ад «неакаланіяльных» падыходаў, якія пагражаюць Амазоніі, у прыватнасці, інстытуту сям’і. Неабходна супрацьстаяць прапагандзе пэўных міжнародных структураў, якія падтрымліваюць палітыку стэрылізацыі жанчын.

«Нам неабходна асаблівым чынам паклапаціцца пра тое, каб не даць сябе захапіць ідэалагічнай каланізацыі, якая маскіруецца пад прагрэс, якая паступова распаўсюджваецца і разбурае культурную тоеснасць, прыносячы аднастайнае мысленне, адзінае і… слабое».

Падводзячы вынікі, папа Францішак падкрэсліў ролю адукацыі для пабудовы культуры сустрэчы і заклікаў Касцёл у Перу прыкладаць намаганні на карысць карэнных народаў Амазоніі. Ён узгадаў таксама шматлікіх місіянераў, такіх, як Хасэ Альварэс Фэрнандэс, якія абаранялі і працягваюць абараняць гэтыя народы. Такую задачу Святы Айцец ставіць таксама перад Сінодам, прысвечаным Амазоніі, які ён склікаў на 2019 год.

Пасля прамовы, сустрэтай бурнымі воплескамі, прадстаўнікі карэнных народаў Амазоніі падаравалі папу Францішку індзейскі вянок і мясцовыя народныя ўпрыгожанні, якія Святы Айцец надзеў да вялікай радасці прысутных. Гэтым простым і ў той жа час вымоўным жэстам ён падкрэсліў сваю блізкасць да мясцовага насельніцтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа