Учора ўвечары папа Францішак прыбыў у Ліму, сталіцу Перу, дзе пройдзе другая частка яго 22-га Апостальскага падарожжа. Святога Айца пры трапе самалёта віталі прадстаўнікі дзяржаўнай і касцёльнай уладаў Перу, а таксама натоўпы вернікаў, якія выстраіліся ўздоўж усяго шляху з аэрапорта да нунцыятуры.
У аэрапорце папу Францішка сустрэў прэзідэнт Перу Пабло Кучынскі разам з жонкай. Сярод сустракаючых асобаў былі таксама іншыя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, арцыбіскуп Лімы кардынал Хуан Луіс Сіпрыяні Торн, старшыня Канферэнцыі Біскупаў у Перу арцыбіскуп Сальвадор Піньейра Гарсія-Кальдэрон, Апостальскі Нунцый у краіне арцыбіскуп Нікола Джырасолі.
Пад гукі музыкі ў выкананні аркестра Sinfonia por el Perù (Сімфонія для Перу), у склад якога ўваходзяць таксама юнакі і падлеткі з найбольш бедных кварталаў перуанскай сталіцы, двое дзяцей прывіталі Святога Айца букетам кветак. Без прамоваў, прывітаўшы ўсіх, Папа скіраваўся ў нунцыятуру, якая на час прабывання Пантыфіка ў Перу стане ягоным домам.
На працягу ўсяго шляху шматлікія вернікі ўздоўж дарогі радасна віталі Папу, махаючы сцяжкамі і паветранымі шарыкамі. Прыбыўшы ў нунцыятуру, Святы Айцец праз мікрафон прывітаў сабраных людзей. Ён падзякаваў ім за цёплую сустрэчу, разам з усімі памаліўся «Вітай, Марыя» і ўдзяліў благаслаўленне.
У Перу папа Францішак наведае тры гарады: Пуэрта-Мальданада — невялікі гарадок, выбраны для візіту як сімвал Амазоніі, якую Папа Рымскі наведае ўпершыню, Трухільё — партовы горад на поўначы краіны, і Ліму — калыску перуанскіх святых.