Пасля верагоднага пераходу італьянскіх авіяліній Alitalia ва ўласнасць нямецкіх авіяліній Lufthansa Ватыкан, хутчэй за ўсё, будзе шукаць новага перавозчыка. Прэс-сакратар Lufthansa на пытанне, ці будзе «новая Alitalia» прапаноўваць свае паслугі Ватыкану, сказала, што не будзе адказваць на гэтае пытанне.
Пакуль яшчэ рана казаць, ці захаваюцца чартарныя рэйсы на такія далёкія адлегласці, адзначыла прэс-сакратар нямецкіх авіяліній. Кіраўнік Lufthansa Карстэн Спор паведаміў, што італьянскія авіялініі спачатку будуць прададзены, а пасля «грунтоўна рэфармаваныя».
Ватыкан не валодае ўласнымі самалётамі, і падчас замежных падарожжаў Папы Рымскія карыстаюцца паслугамі авіяліній Alitalia. Кошты чартарных рэйсаў часткова змяншаюцца дзякуючы плаце за білеты журналістаў, якія падарожнічаюць разам са Святым Айцом.
Супрацоўніцтва з італьянскім перавозчыкам пачалося з першым замежным падарожжам Папы Рымскага Паўла VI. У студзені 1964 года Павел VI наведаў Святую Зямлю.
Пілігрымка папы Францішка ў Чылі і Перу стала 168-м па ліку пералётам Папаў Рымскіх самалётамі Alitaliа.