Удала распачаўся адзінаццаты сезон папулярнага серыяла «Дон Матэо» («Don Matteo») Першага канала італьянскага грамадскага тэлебачання.
Дзве першыя серыі новага сезону 11 студзеня паглядзела 7,5 млн (!) гледачоў (32 працэнты глядацкай аўдыторыі).
Серыял расказвае пра «любоў і хрысціянскую радасць, якія так патрэбныя ў свеце і на тэлебачанні», — адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё прадзюсар серыяла Люка Бэрнабэі (Luca Bernabei), заснавальнік прадзюсарскай фірмы Lux Vide, якая здымае фільмы на рэлігійную тэматыку.
На думку прадзюсара, сакрэт поспеху «Дона Матэо» ў тым, што кожны кадр — гэта «гісторыя працы і любові да працы яго стваральнікаў, якія заўсёды імкнуцца быць на вышыні: у падборы акцёраў, сцэнарыстаў і рэжысёра».
«Мы, католікі, не можам паддавацца думцы, што ў гэтым свеце няма месца для таго, у што мы верым. Наша заданне — у „нясенні“ нашай веры свету без боязі, звяртаючы ўвагу на спосаб, якім можна дзяліцца каштоўнасцямі веры. Пра гэта і сведчыць поспех серыяла, галоўнага героя ў якім называюць „дэтэктывам душы“», — дадаў Люка Бэрнабэі.
Прадзюсар таксама адзначыў, што тэлебачанне часта ўспрымаецца ў негатыўным ключы, бо «шмат расказвае пра зло, і таму небяспечнае»:
«Не варта забывацца, што тэлебачанне мае педагагічную місію, людзі вучацца ад яго. Таму трэба сачыць за тым, што мы глядзім, і за тым, што глядзяць нашы дзеці».