Пошук

11.01.2018 17:09   Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато / Паводле: KAI.pl / Catholic.by
фота: Ahmed Jadallah/Reuters

Паўночная Карэя застаецца ў лідарах краін, дзе хрысціян пераследуюць найбольш. Пра гэта сведчыць справаздача Міжнароднай хрысціянскай місіі Open Doors, апублікаваная 10 студзеня.

У першую дзясятку краін, у якіх хрысціяне церпяць найбольшы пераслед, увайшлі: Паўночная Карэя, Афганістан, Самалі, Судан, Пакістан, Эрытрэя, Лівія, Ірак, Емен і Іран.

На гэтых тэрыторыях жыве каля 650 мільёнаў чалавек, з якіх больш за 215 млн церпіць моцны пераслед. Усяго ў рэйтынгу 50 краін з насельніцтвам у 4,8 млрд чалавек

Шаснаццаты раз запар індэкс узначаліла Паўночная Карэя. Мясцовыя хрысціяне, колькасць якіх ацэньваецца ў 300 тысяч, ратуючыся ад камуністычных рэпрэсій, вымушаны хавацца ў падзямеллях, застаючыся адарванымі ад свету. Каля 70 тысяч з іх знаходзіцца ў карных лагерах.

Другое і трэцяе месца ў спісе займаюць Афганістан і Самалі.

Рост пераследу хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў звязаны з пашырэннем уплыву фундаменталісцкіх груп у Афрыцы і Азіі, а таксама з ростам у краінах Азіі рэлігійнага нацыяналізму сярод індусаў і будыстаў.

Значны пераслед назіраецца таксама ў такіх камуністычных краінах, як Кітай, В’етнам і Лаос.

Згодна з данымі Open Doors да пераследу хрысціян даходзіць не толькі тады, калі закрываюцца касцёлы, а вернікаў брутальна забіваюць.

Сюды адносіцца пастаянны ціск на хрысціянскае насельніцтва з боку дзяржаўнай улады, а таксама з боку мясцовых супольнасцяў, плямёнаў або членаў сем'яў. Усё гэта прыводзіць да таго, што вернікі вымушаны ўцякаць з гэтых краін.

«Ціск на хрысціян велізарны, калі глядзець хоць бы на Ірак, дзе ўжо шмат гадоў запар арыштоўваюць хрысціян, — напісана ў рапарце. — Гэта датычыць і Эрытрэі, у якой у 2017 годзе было арыштавана каля 200 хрысціян».

Пастаянны пераслед у многіх традыцыйна будысцкіх, індускіх і ісламскіх краінах адчуваюць на сабе мясцовыя вернікі, якія прынялі хрысціянства. Калі іх выкрыюць, ім пагражаюць пераслед, высылка і нават смерць.

Генеральны дырэктар Open Doors у Вялікабрытаніі Ліза Пірс занепакоена і становішчам хрысціян у Егіпце: «Хрысціяне ў Егіпце сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і запалохваннем, але яны адмаўляюцца ад вырачэння сваёй веры».

«У Егіпце, як і ў многіх іншых краінах Блізкага Усходу, веравызнанне ўказваецца ў вашым пасведчанні асобы. Гэта палягчае дыскрымінацыю і пераслед — вам цяжэй знайсці працу, цяжэй атрымаць дазвол на будаўніцтва, і вы ператвараецеся ў мішэнь, калі ідзяце ў касцёл».

Таксама ў дакладзе згаданы рост пераследу ў Непале і Індыі, што звязана з павелічэннем уплыву індуісцкіх экстрэмістаў на хвалі рэлігійнага фанатызму ў абедзвюх краінах.

Абноўлена 11.01.2018 18:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.