Пошук

06.11.2020 13:00   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: The Heritage Foundation

Паводле інфармацыі, змешчанай у апошнім дакладзе няўрадавай арганізацыі Korea Future Initiative, хрысціянаў у Паўночнай Карэі ўсё больш пераследуюць, а метады, якія да іх прымяняюцца, падобныя да тых, якія практыкаваліся ў нацысцкіх канцлагерах.

Як адзначае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая арганізацыя сабрала сведчанні жорсткага пераследу нават трохгадовых дзяцей.

Эксперты размаўлялі з больш чым ста асобамі, якія правялі больш ці менш працяглы час у працоўных лагерах для хрысціянаў. Нялюдскія катаванні выпалі на іх долю толькі за тое, што яны проста маліліся дома, мелі крыж ці фігурку святога. Распаўсюджванне рэлігійных кніг і Бібліі з’яўляецца асабліва караным злачынствам.

Паведамляецца, што катаванні, якія прымяняюцца да зняволеных ва ўзросце ад 3 да 80 гадоў, — гэта збіццё, удушэнне, пазбаўленне вады, ежы і сну.

«Калі хтосьці лічыць, што Аўшвіц належыць мінуламу, ён глыбока памыляецца», — сказала адна з жанчын, якая, нягледзячы на жорсткія катаванні, перажыла лагер, куды трапіла за тое, што расказвала сваім блізкім пра Бога.

Аўтары справаздачы паведамляюць пра жорсткі лёс жанчын, якіх згвалтавалі каты, а пазней прымусілі здзейсніць аборт. «Ім унутрывенна ўводзяць лекі, якія выклікаюць роды. Калі дзіця нарадзілася жывым, ахоўнікі накладваюць на яго галаву поліэтыленавы пакет і прымушаюць маці назіраць за яго смерцю», — распавяла адна з жанчын. Яна паведаміла, што на дзецях праводзяцца розныя віды медыцынскіх эксперыментаў, іх гвалцяць ахоўнікі.

Адзін з пастараў, зняволены на некалькі гадоў, успамінае словы сваіх мучыцеляў.

«Яны сказалі мне, што мы не баімся ядзернай бомбы, але мы баімся такіх людзей, як вы, якія прыносяць веру ў Езуса ў нашу краіну. Калі наша радзіма стане Божай краінай, наша ўлада ўпадзе», — адзначыў ён.

У дакладзе падкрэсліваецца, што свет заплюшчыў вочы на драматычны лёс хрысціянаў у Паўночнай Карэі, якой кіруюць камуністы. Але яны, нягледзячы на свой лёс і на тое, што іх чакае, застаюцца вернымі Хрысту.

Абноўлена 06.11.2020 15:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця