Італьянскія католікі ў сувязі з ростам у краіне актаў хрысціянафобіі гавораць пра неабходнасць неадкладна стварыць Назіральную камісію па свабодзе рэлігіі.
Як паведаміла 24 жніўня польская рэдакцыя парталу Vatican News, у Італіі ўсё часцей здараюцца акты вандалізму, знішчэнне рэлігійных фігур і крыжоў, а таксама падпалы святыняў.
«Гэта штосьці большае за звычайны вандалізм: за гэтымі нападамі крыецца нянавісць да веры і Касцёла», — кажа кс. Марыё Праецці, рэктар санктуарыя св. Каспара дэ Буфала, размешчанага непадалёк ад Рыма, які нядаўна быў падпалены.
«Сур’ёзных пашкоджанняў удалося пазбегнуць дзякуючы выпадковым мінакам, якія ўбачылі агонь. Уваход у санктуарый быў абліты бензінам, каб прычыніць як найбольш шкоды», — зазначае святар.
Ён дадае, што касцёл у Альбана Лац’яле з’яўляецца вельмі папулярным месцам пілігрымак, паколькі ў ім знаходзяцца рэліквіі заснавальніка Місіянераў Крыві Хрыста. На думку рэктара санктуарыя, мэта была выбрана зламыснікамі невыпадкова.
У мінулыя дні ў Лідзана ін Бэльвэдэрэ маладыя людзі пасеклі крыж, а раней быў апаганены касцёл на Сардыніі. Капліцу ў Порта Сан-Паоло невядомыя злачынцы размалявалі сатанісцкімі сімваламі, разбілі фігуры святых, а з крапільніц зрабілі пісуары.
«Чарговыя апаганьванні замоўчваюцца італьянскімі СМІ, і пра антыхрысціянскія акты не можа даведацца шырокая грамадскасць», — з трывогай адзначае кс. Марыё Праецці.
У сувязі з гэтым узнікла стыхійная ініцыятыва мясцовых католікаў стварыць у краіне пастаянную Назіральную камісію па свабодзе рэлігіі.