Пасля таго, як стала вядома, што зямля за 70 км ад Кёльна, на якой стаіць вёска Імерат, багатая на залежы бурага вугалю, жыццё яе жыхароў цалкам змянілася.
Паступова гэты зямельны ўчастак перайшоў ва ўласнасць нямецкай энергетычнай кампаніі RWE, і за апошнія гады Імерат ператварыўся ў горад-здань.
Знос рыма-каталіцкага касцёла св. Ламберта стаў апошнім этапам поўнага разбурэння цэлага населенага пункта, насельніцтва якога гістарычна складалі пераважна фермеры.
RWE пабудавала новую вёску за 10 кіламетраў ад былой — Новы Імерат. Спачатку туды перанеслі сельскі шпіталь, а ў 2006 годзе туды пераехалі апошнія жыхары Імерата.
На новае месца былі перанесены нават могілкі. Парэшткі пахаваных там мясцовых жыхароў былі эксгумаваны і перапахаваны.
Усё было зроблена для таго, каб максімальна вызваліць участак для пашырэння здабычы бурага вугалю, які здабываецца тут адкрытым спосабам — у вялізных кар’ерах.
Апошняя святая Імша ў касцёле св. Ламберта цэлебравалася ў 2013 годзе, пасля чаго святыню зачынілі з-за адсутнасці парафіянаў. У Новым Імераце канцэрн RWE пабудаваў новы касцёл, а на цэнтральнай плошчы мястэчка была ўсталявана копія страчанай святыні. Як заявілі ў RWE, кампаніі спатрэбіцца яшчэ два тыдні на тое, каб вывезці цэглу і камяні з месца зносу касцёла.
Работы праводзіліся нягледзячы на пратэсты актывістаў «Грынпіс», якія выступаюць супраць пашырэння адкрытай здабычы бурага вугалю ў Германіі.
«Зялёныя» сцвярджаюць, што, хоць буры вугаль і таннейшы, чым іншыя віды вугалю, пры спальванні ён з’яўляецца адным з самых брудных відаў выкапневага паліва. Гэта азначае, што на працягу наступных некалькіх дзесяцігоддзяў вугаль, які здабываюць у раёне Імерата, можа прывесці да выкіду ў атмасферу мільярдаў (!) тон вугляроду.
Паліцыя затрымала 14 актывістаў «Грынпіс». Некалькі чалавек прыкавалі сябе ланцугамі да бульдозераў, іншыя залезлі на фасад касцёла і разгарнулі на ім банеры з пратэстнымі лозунгамі.
Касцёл св. Ламберта быў пабудаваны ў канцы XIX ст., падчас Другой сусветнай вайны моцна пашкоджаны, але адноўлены.