Не толькі кіраўнікі павінны будаваць мір у свеце, але свой маленькі ўнёсак павінен рабіць кожны чалавек. Пра гэта ў сваёй гаміліі сказаў Апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала падчас святой Імшы з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, якая адзначалася ў першы дзень года, супадаючы з Сусветным днём міру.
«Лёс кожнага чалавека звязаны з лёсам іншых людзей, і тое, што мы робім у невялікім кантэксце ўласнай сям’і, спрыяе пабудове міру, які пакліканы рэалізоўваць вялікія», — адзначыў іерарх. Апостальскі адміністратар заклікаў усіх абвяшчаць мір так, як гэта рабілі пастухі, якія сталі сведкамі нараджэння Езуса Хрыста.
«Калі мы сапраўды маем мір, — дадаў арцыбіскуп, — яго немагчыма не абвяшчаць сваімі паводзінамі, сваім спосабам будавання жыцця ў сям’і, у супольнасці, нашым стаўленнем да моладзі і ўдзелам у парафіяльнай і палітычнай дзейнасці».
Паводле слоў Апостальскага адміністратара, адказныя асобы ніколі не змогуць дасягнуць міру, калі звычайныя людзі не жывуць у міры.
«Каб мець мір, мала казаць пра яго адсутнасць: патрэбна мужна яго будаваць, не зважаючы ні на што», — падкрэсліў арцыбіскуп Піцабала.
«Падобна да пастухоў, мы павінны абвяшчаць тое, што бачылі і чулі, што стала досведам нашага жыцця», — заўважыў іерарх. Арцыбіскуп заклікаў радавацца малым і вялікім праявам любові, велікадушнасці, гасціннасці, братэрства і міру, якія ўсё яшчэ існуюць, нягледзячы на ўсе супярэчнасці. Гэта «дае нам надзею і паказвае, што жыццё ідзе наперад, насуперак усяму, і што жыццё яшчэ здольнае да любові, якая нам усім неабходная».
«Найсвяцейшая Панна Марыя, — сказаў на завяршэнне арцыбіскуп Піцабала, — вучыць нас, што мір не з’яўляецца ўласнасцю каго-небудзь аднаго. Умець слухаць іншага, прымаць яго пункт гледжання, адкрыць свой погляд і сэрца для іншага — усё гэта жыццёва неабходна для міру. Мір не будуецца толькі ўласнымі думкамі і дзеяннямі. Мы патрабуем іншага чалавека, такога, якім ён з’яўляецца, а не такога, якім мы хочам яго бачыць. Іншы чалавек заўжды мае шмат чаго, каб нас навучыць. Усведамленне гэтага дапамагае нам не ўпасці ў ганарлівую пазіцыю, быццам толькі мы павінны навучаць іншых, як дасягаць міру».