У першы дзень новага 2018 года — да 51-га Сусветнага дня міру — Супольнасць святога Эгідзія арганізавала ў сотнях гарадоў на ўсіх кантынентах маршы, дэманстрацыі і грамадскія кампаніі ў абарону міру і ў падтрымку паслання папы Францішка на Дзень міру. Да гэтай акцыі далучыліся шматлікія асацыяцыі і каталіцкія рухі.
У Рыме ўдзельнікі акцыі скончылі шэсце на ватыканскай плошчы святога Пятра і прынялі ўдзел у малітве «Анёл Панскі», якую ўзначаліў папа Францішак.
У афіцыйным паведамленні Супольнасці святога Эгідзія гаворыцца, што маніфестанты далучаюцца да паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру: «Мігранты і бежанцы: мужчыны і жанчыны ў пошуках міру». Супольнасць заклікае ўсіх людзей добрай волі пачаць Новы год, будуючы больш чалавечны мір, які ўмее прымаць і інтэграваць.
«Вельмі шмат людзей па-ранейшаму пакутуе ад войнаў, — гаворыцца ў паведамленні, — яны вымушаны пакідаць свае землі і бегчы ў іншыя месцы; вельмі шмат ахвяраў гвалту і тэрарызму. Для мігрантаў і бежанцаў існуюць магчымыя рашэнні, пра што сведчыць вопыт двухгадовых гуманітарных калідораў для прыбываючых у Італію і ў іншыя еўрапейскія краіны. Існуюць розныя шляхі, па якіх мы працягваем ісці, каб перамаглі не сцены і падзелы, а культура сумеснага жыцця, якая дазваляе спадзявацца на будучыню».
У час маршаў у абарону міру, пачынаючы з таго, які прайшоў у Рыме, узгадваліся ўсе краіны, якія ўключаны ў ваенныя канфлікты і пакутуюць ад гвалту.