Брытанская заморская тэрыторыя Бермудскія астравы стане першай у свеце тэрыторыяй, якая адновіць традыцыйнае вызначэнне шлюбу. Гэта адбудзецца праз паўгода пасля прыняцця Вярхоўным судом астравоў рашэння на карысць аднаполых саюзаў. Пра гэта піша sib-catholic.ru са спасылкай на sedmitza.ru
8 снежня члены мясцовага парламента прынялі «Закон аб унутраным партнёрстве», які пастанавіў, што шлюб з’яўляецца саюзам толькі паміж мужчынам і жанчынай. Аднак закон таксама стварае базу для прызнання юрыдычных правоў за аднаполымі саюзамі, якія атрымалі назву «ўнутранае партнёрства». Такім чынам, закон не пазбаўляе іх юрыдычнай рэчаіснасці, якую ім раней прадаставіла пастанова суда.
Як адзначыў міністр унутраных спраў Бермудскіх астравоў Уолтан Браўн, «на Бермудах мы павінны знайсці шлях, каб задаволіць правы ўсіх членаў грамадства». Па яго словах, больш за 18 членаў парламента выступаюць супраць аднаполых саюзаў.
У час мінулагодняга рэферэндума яго ўдзельнікі пераважнай большасцю галасоў адхілілі легалізацыю аднаполых саюзаў. Аднак у выніку суддзя пастанавіў, што мясцовы ЗАГС не можа адхіляць заявы аднаполых параў, якія жадаюць уступіць у шлюбны саюз.
Прадстаўнікі апазіцыі асудзілі законапраект як «рэгрэсіўны», аднак у правячай Прагрэсіўнай рабочай партыі адзначылі, што новае заканадаўства «дае ЛГБТ-супольнасцям тыя перавагі, аб якіх яны і прасілі», адначасова захоўваючы «традыцыйнае вызначэнне сужэнцаў».
«На дадзены момант яны могуць называцца сужэнцамі, але не маюць ніякіх пераваг. Аднак пасля прыняцця законапраекта яны будуць мець перавагі, але не змогуць называцца сужэнцамі. Перавагі — гэта тое, чаго яны на самой справе хочуць», — цытуе словы прадстаўніка Прагрэсіўнай рабочай партыі Лоўрэнса Скота выданне брытанскіх католікаў Catholic Herald.