28 і 29 лютага ў доме святога Яна Паўла ІІ у Ліствянцы (Іркуцкая вобласць, Расійская Федэрацыя) адбылося 59-е пасяджэнне Пленарнага сходу Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расіі.
Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Расіі (ККБР)
У пасяджэнні Пленарнага сходу ККБР узялі ўдзел: арцыбіскуп Паоло Пэццы, архідыяцэзія Божай Маці ў Маскве, Старшыня сходу; біскуп Кірыл Клімовіч, Дыяцэзія святога Юзафа ў Іркуцку, віцэ-старшыня; біскуп Юзаф Верт, дыяцэзія Перамянення Пана ў Новасібірску; біскуп Клемэнс Пікель, Дыяцэзія святога Клімэнта ў Саратаве; біскуп Мікалай Дубінін, дапаможны біскуп Архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве; айцец Штэфан Ліпке SІ, сакратар. У пасяджэнні таксама браў удзел Апостальскі нунцый у Расіі арцыбіскуп Джаванні д’Аньела сумесна з саветнікам Нунцыятуры мансіньёрам Міславам Ходжычам.
Адной з тэм, якія іерархі абмеркавалі на пасяджэнні, стала дактрынальная дэкларацыя Дыкастэрыі веравучэння Fiducia supplicans.
«Улічваючы непаразуменні, якія ўзніклі адносна гэтага дакумента, ККБР палічыла неабходным падкрэсліць, што каталіцкае веравучэнне аб сям’і і сужэнстве застаецца нязменным.
Толькі мужчына і жанчына, злучаныя шлюбам, утвараюць разам са сваімі дзецьмі сям’ю.
Касцёл усведамляе асаблівую адказнасць за падтрымку і ўмацаванне сужэнства і сям’і як прывілеяванай супольнасці і першаснай ячэйкі грамадства. Касцёл благаслаўляе і атачае душпастырскім клопатам сужэнскія саюзы і сем’і.
У духу евангельскай міласэрнасці і мацярынскай любові Касцёл не адмаўляў і не адмаўляе ў заступніцкай малітве паасобным людзям, якія знаходзяцца ў самых розных сітуацыях, просячы для іх Божую ласку, неабходную для навяртання, умацавання ў добрых намерах, пачатку або працягу шляху праведнасці.
Каб пазбегнуць спакусы і блытаніны, ККБР звяртае ўвагу на тое, што благаслаўленні любога віду пар, упартых у неўрэгуляваных з пункту гледжання хрысціянскай маралі адносінах (сужыцельскія, у другім шлюбе, аднаполыя), з’яўляюцца недапушчальнымі»,
— напісалі каталіцкія біскупы Расіі.
Нагадаем, што раней на тэму дэкларацыі Дыкстэрыі Веравучэння ўжо выказаліся каталіцкія біскупы Беларусі. У адмысловым паведамленні яны, між іншым, адзначылі, што «Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе, і аднаполых пар».