Пошук

10.03.2020 17:24   Catholic.by
Фота Міколы Гракава

9 сакавіка ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы прайшла прэс-канферэнцыя па выніках збору подпісаў у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і супраць прапаганды гомасексуалізму і іншых палавых ненармальнасцяў непаўналетнім.

У прэс-канферэнцыі ўзяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які агучыў пазіцыю Касцёла па закранутых пытаннях. Паколькі ў некаторых СМІ пасля прэс-канферэнцыі з’явіліся матэрыялы, якія скажаюць сутнасць выказванняў арцыбіскупа, партал Catholic.by звярнуўся да кіраўніка беларускага каталіцкага епіскапату з просьбай удакладніць пазіцыю Касцёла, каб выключыць магчымасць няправільнага яе разумення. Ніжэй публікуем паведамленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На жаль, мы ўжо не першы раз сутыкаемся з тым, што публікацыі ў некаторых СМІ у скажоным выглядзе перадаюць сэнс выказванняў прадстаўнікоў Касцёла па важных маральных і сацыяльных пытаннях. На прэс-канферэнцыі па выніках збору подпісаў у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і супраць прапаганды гомасексуалізму і іншых палавых ненармальнасцяў непаўналетнім я дастаткова празрыста і зразумела акрэсліў вучэнне Касцёла па згаданых пытаннях. Найбольш поўна мае выказванні былі апублікаваныя на партале Catholic.by, у рэдакцыі якога ёсць поўны запіс прэс-канферэнцыі.

Складаецца такое ўражанне, што некаторыя ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ўжо загадзя вызначыліся з тым, што яны збіраюцца напісаць, і не пачулі таго, што на ёй прагучала. Я магу толькі выказаць маё шкадаванне з гэтай прычыны і яшчэ раз запрасіць усіх да шчырага непрадузятага дыялогу.

Нагадаю, што збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта быў ініцыяваны дабрачынным фондам «Адкрытыя сэрцы», які не з’яўляецца структурай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У падрыхтаваным актывістамі фонда звароце да прэзідэнта тыя, хто яго падпісалі, просяць кіраўніка дзяржавы прыняць нацыянальную надведамасную праграму ў абарону традыцыйнай сям’і і выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб забароне прапаганды аднаполых зносін сярод непаўналетніх.

І мы гэта падтрымліваем, паколькі Касцёл у сваім вучэнні і пастырскім служэнні атуляе асаблівым клопатам сям’ю і дзяцей, імкнучыся чытаць знакі часу і адказваць на выклікі сучаснага свету, у якім назіраецца нябачаны дагэтуль крызіс сям’і і сямейных каштоўнасцяў. На гэта неаднаразова звяртаў увагу Папа Францішак, а таксама Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У той самы час Касцёл не выступае з ініцыятывай кагосьці пераследаваць або дыскрымінаваць, а таксама не прапануе «ўвесці крымінальную адказнасць» за тыя ці іншыя дзеянні, як гэта некаторыя імкнуцца прадставіць. Нічога падобнага ні я, ні іншыя афіцыйныя прадстаўнікі Касцёла не выказвалі.

Мэта Касцёла ў тым, каб абвяшчаць Евангелле збаўлення ўсім людзям, нашым братам і сёстрам, заклікаючы іх да навяртання і жыцця паводле запаведзяў любові да Бога і да бліжняга. Усведамляючы слабасць пашкоджанай грахом чалавечай натуры, мы, сціплыя слугі Езуса Хрыста, адкрытыя для кожнага, хто шчырым сэрцам шукае Бога і Яго Валадарства праўды і святла. Паслухмяныя наказам Хрыста, мы жадаем дапамагчы тым, хто памыляецца, знайсці праўду, а не асуджаць і пераследаваць.

Езус кажа: «Валадарства Маё не з гэтага свету» (Ян 18, 36). Таму Касцёл як пэўны пачатак Божага Валадарства на зямлі на ўзор свайго Пана і Настаўніка не бярэ на сябе прэрагатывы зямных уладаў абвінавачваць і караць. Аднак гэта не адмяняе маральнай адказнасці чалавека за яго свядомыя і дабравольныя выбары, якія ён робіць, становячыся або на бок дабра, або на бок зла.

Місія Касцёла і яго слугаў — абвяшчаць праўду, асцерагаць ад маральнага зла і абараняць ад яго найбольш безабаронных, асабліва дзяцей і падлеткаў.

Спадзяюся на тое, што, кіруючыся добрым намерам, мы супольнымі намаганнямі прыйдзем да пазнання Праўды, якая вызваліць нас ад прадузятасці, недаверу і страху і дапаможа будаваць лепшую, Божую будучыню для наступных пакаленняў на нашай роднай беларускай зямлі.

Абноўлена 10.03.2020 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.