Пошук

07.12.2017 17:11   blagovest-info.ru

Міжнародны рэестр ЮНЕСКА «Памяць свету» апублікаваў новы спіс сусветнай спадчыны 2017 года, у які ўключаны старажытны грузінскі рукапіс Евангелля. Пра гэта паведамляюць  «Новости-Грузия».

«Памяць свету» — заснаваная ў 1992 годзе праграма па абароне сусветнай дакументальнай спадчыны.

Манускрыпт з Грузіі ўяўляе сабой палімпсест — гэта рукапіс, напісаны на пергаменце, паверх зробленых запісаў. Вучоныя датуюць самы старажытны з тэкстаў манускрыпта IX-X вякамі нашай эры.

Грузінскае Евангелле стала адным з 78 дакументаў, якія былі адабраны прадстаўнікамі камітэта міжнародных дарадцаў ЮНЕСКА. Рашэнне ўключыць грузінскі рукапіс у новы спіс было прынята на пасяджэнні камітэта ў Парыжы ў кастрычніку 2017 года.

Евангелле трапіла ў Нацыянальны музей Грузіі ў 1924 годзе з царквы Божай Маці ў рэгіёне Шыда Картлі. Гэта ілюстраваны рукапіс, аформлены мініяцюрамі. У старых хроніках рукапіс згадваецца як Евангелле XIV стагоддзя.

Падчас вывучэння пергаменту было выяўлена, што палімпсест з’яўляецца трохслойным: два верхнія слаі рукапісу выкананыя варыянтам грузінскай пісьменнасці нусхуры, а ніжні — царкоўнай асамтаўрулі. Для грамадзянскіх запісаў выкарыстоўваўся варыянт «мхедрулі», якім карыстаюцца ў Грузіі сёння.

Два верхнія тэксты рукапісу — гэта Евангелле аднаго з самых вядомых царкоўных дзеячаў Грузіі Георгія Мтацміндэлі, вядомага таксама як Георгій Афонскі, Георгій Іверскі або Георгій Святагорац.

Ён пераклаў на грузінскую мову некалькі рукапісаў Бібліі, быў тым духоўна-інтэлектуальным звяном, якое звязвала Грузію і Візантыю. Ідэнтыфікацыя трэцяга, ніжняга слоя рукапісу, пакуль не завершана.

Такім чынам, Евангелле ўтрымлівае пісьмо, перапісанае шрыфтам асамтаўрулі, нусхуры і мхедрулі ў IX-X, XII-XIII, XIV, XVI-XVII стагоддзях, а таксама мініяцюры і застаўкі, зробленыя прыкладна ў XIV стагоддзі.

Праца над новымі апісаннямі рукапісаў пачалася ў Нацыянальным архіве Грузіі ў 2014 годзе. Яе мэтай з’яўляецца абнаўленне даных пра тысячы рукапісаў, якія захоўваюцца ў архіве. У межах праекта ў 2016 годзе свет пабачыла выданне, якое апісвае 100 рукапісаў. Цяпер ідзе праца над другім томам апісанняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця