У ходзе ўзнаўлення касцёла Санта-Агеда ў Іспаніі рэстаўратары знайшлі запіску, датаваную 1777 годам. Пра гэта паведамляе New York Post.
Дакумент быў схаваны ў шчыліне ўнутры драўлянай статуі Хрыста XVIII стагоддзя. Статую вывезлі з касцёла Санта Агеда ў Сацільё-дэ-ла-Рыбера для рэстаўрацыі, дзе і выявілі пасланне.
На апублікаваных здымках бачныя два лісты, спісаныя акуратным каліграфічным почыркам. Капсула часу расказвае, што аўтарам паслання з’яўляецца кс. Хаакін Мінгес, капелан сабора Бурга-дэ-Осма. Нягледзячы на год напісання запіскі і незвычайнае яе размяшчэнне, спецыялісты сцвярджаюць, што гэта частая знаходка для статуй, пустых у сярэдзіне.
У запісцы гаворыцца пра эканамічнае і сацыяльнае жыццё, мясцовыя звычаі і гульні таго часу, у тым ліку і пра караля Карласа ІІІ.
Таксама ў пасланні адзначана, што ўсяго было выразана пяць статуй для галоўнага алтара касцёла. Святар падрабязна апісаў земляробчыя культуры ў рэгіёне: пшаніцу, жыта, ячмень, авёс і вінаград. Не забыўся ён і пра захворванні, напісаўшы пра малярыю і брушны тыф.
Паводле слоў гісторыка Эфрэна Ароя, гэтыя падрабязнасці пераканаўча сведчаць пра тое, што святар наўмысна хацеў пакінуць здымак рэчаіснасці для нашчадкаў.
Вучоныя вырашылі змясціць арыгінал запіскі з XVIII ст. у музей. Аднак, каб не парушаць закладзеную святаром традыцыю, копію запіскі яны змясцілі назад у статую Хрыста.
Што яшчэ знаходзілі ў статуях?
Да гэтага ў статуях таксама знаходзілі незвычайныя прадметы. Так, у 2014 годзе ў Мексіцы ў статуі Хрыста XVIII ст. былі выяўлены чалавечыя зубы. У 2015 годзе даследчыкі знайшлі муміфікаванае цела манаха ўнутры 1000-гадовай кітайскай статуі Будды.