Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Швейцарыі заклікала зрабіць выхадным днём нядзелі ў перыяд Адвэнту ў швейцарскіх магазінах, а асабліва апошнюю нядзелю Адвэнту, на якую прыпадае вігілія Божага Нараджэння.
Біскупы нагадалі, што Адвэнт — гэта час, які павінен служыць засяроджанасці чалавека, спазнання таямніцы Збаўцы і любові да бліжняга. Паколькі звычаі Божага Нараджэння культывуюцца ў сем’ях, гэты час павінен быць выкарыстаны для наведвання родных і блізкіх.
Швейцарскі епіскапат ужо неаднойчы звяртаў увагу, што нядзеля — гэта святы дзень адпачынку і аднаўлення. Ён павінен быць прысвечаны Богу і паглыбленню адносін паміж людзьмі. З падобнай заявай выступіла таксама Федэрацыя швейцарскіх пратэстанцкіх супольнасцяў.
Раней супраць гандлю ў вігілійную нядзелю выступілі біскупы Германіі.