Нямецкія біскупы выступаюць за забарону гандлю ў вігілію Божага Нараджэння, якая сёлета прыпадае на нядзелю. Некаторыя мясцовыя магазіны плануюць, аднак, працаваць па працоўным дні, скараціўшы толькі час працы.
Паводле паведамлення нямецкага епіскапату, гэта не з’яўляецца неабходным. Да іх голасу далучыліся таксама некаторыя прафсаюзы і гандлёвыя сеткі.
Дыскусія пра поўную забарону гандлю ў нядзелю трывае ў Германіі ўжо даўно. У большасці выпадкаў магазіны ў гэты дзень не працуюць, але некаторыя гандлёвыя сеткі ўсё часцей абыходзяць гэтыя правілы.
Падобная сітуацыя можа адбыцца ў сёлетнюю вігілію Божага Нараджэння, якая выпадае на нядзелю. Каталіцкі Касцёл у Германіі рашуча адмаўляе магчымасць адкрыцця магазінаў у гэты дзень. Паводле слоў прэс-сакратара Канферэнцыі Біскупаў у Германіі Маціяса Копа, пазіцыя Касцёла завязана на прынцыповай абароне нядзелі і святаў.
«Ёсць цэлы тыдзень для таго, каб зрабіць апошнія пакупкі, у распараджэнні таксама субота перад вігіліяй», — адзначыў Коп.
Пазіцыю Касцёла ў Германіі падтрымлівае каталіцкі рух працадаўцаў, супраць адкрыцця магазінаў у вігілію выказаліся і прафсаюзы verdi.
Паводле апошніх даследаванняў грамадскага меркавання для газеты Die Welt, ажно 87 працэнтаў немцаў выступае супраць адкрыцця магазінаў у вігілію Божага Нараджэння. Таксама сеткі супермаркетаў ALDI і Penny аб’явілі, што 24 снежня іх філіялы працаваць не будуць.