Пошук


Пілігрымка папы Францішка ў М’янму і Бангладэш адбудзецца з 26 лістапада па 2 снежня. Яе прэзентацыя прайшла 22 лістапада ў Ватыкане.

Паводле Грэга Бёрка, кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, падарожжа Папы ў Азію не будзе лёгкім. Бёрк прыгадаў аб існаванні некаторых праблем лагістычнага і камунікацыйнага характара. Напрыклад, прамая трансляцыя з шэрагу падзей з удзелам Святога Айца весціся не будзе.

Адной з далікатных тэмаў візіту ў М’янму стане сітуацыя мусульманскай меншасці рахінья. На працягу дзесяцігоддзяў яе прадстаўнікі зведваюць дыскрымінацыю і пераслед. Новы этап ганенняў пачаўся некалькі месяцаў таму. У сувязі з гэтым 30 лістапада адбудзецца прыватная сустрэча Папы з камандуючым м’янманскай арміяй генералам Мінам Аунгам Хлайнам.

Сітуацыя ў М’янме вельмі напружаная. Мясцовы епіскапат звярнуў увагу Папы на тое, што сама згадка аб народзе рахінья можа парушыць крохкую раўнавагу ў грамадстве. «Святы Айцец вельмі сур’ёзна ставіцца да парадаў, але ўбачым, што ён вырашыць зрабіць», — пракаментаў сітуацыю кіраўнік Залы Друку.

Тым не менш, група бежанцаў-рахінья прыме ўдзел у міжрэлігійнай і экуменічнай малітве ў інтэнцыі міру, якая пройдзе 1 снежня ў сталіцы Бангладэш — горадзе Дака. У гэтай краіне на працягу апошніх месяцаў знайшлі прытулак каля 620 тыс. рахінья.

Бёрк заўважыў, што падарожжа Папы ў М’янму і Бангладэш стане сведчаннем увагі Касцёла да «перыферый», як эканамічных, так і каталіцкіх. Цэнтральнымі тэмамі візіту будуць прымірэнне, прабачэнне і супакой. Пантыфік завершыць наведванне абедзвюх краін сустрэчамі з моладдзю, на знак «надзеі Касцёла адносна новых пакаленняў у будаванні будучыні», як адзначыў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду.

Абноўлена 24.11.2017 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця